Барыса Хамайду зноў арыштавалі за раздачу газетаў
- 19.02.2010, 9:47
18 лютага ў Віцебску больш чым на дзве гадзіны быў затрыманы міліцыяй актывіст КХП-БНФ Барыс Хамайда за распаўсюд часопіса «Беларускія ведамасці».
Як паведаміў Барыс Хамайда ў інтэрв'ю газеце «Наша Ніва», яго затрымалі ў цэнтры горада пад маркай праверкі літаратуры і перыядычных выданняў, якія ён рэалізоўваў. «Прадстаўнікі праваахоўных органаў адмовіліся азнаёміцца з выданнямі на месцы і запрасілі мяне праехаць у Чыгуначны РАУС горада», — сказаў апазіцыянер.
Паводле яго словаў, увагу супрацоўнікаў міліцыі прыцягнулі 17 нумароў «Беларускіх ведамасцей» 2008—2009 гадоў выпуску, якія выдае ў Варшаве старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк. Паколькі гэтае выданне друкуецца ў Польшчы, супрацоўнікі міліцыі вырашылі яго канфіскаваць і накіраваць у ідэалагічны аддзел Віцебскага аблвыканкама на экспертызу наконт магчымасці распаўсюджвання часопіса, адзначыў Хамайда.
Пасля таго, як ён адмовіўся падпісваць пратакол аб канфіскацыі часопісаў і запатрабаваў копію дакумента, яго вызвалілі і вярнулі ўсе нумары выдання.
Сваё затрыманне палітык звязвае з выбарамі ў мясцовыя саветы. «Улады баяцца словаў праўды», — сказаў Хамайда.