BE RU EN

Сілавікі не захацелі абмяркоўваць жорсткія разгоны акцыяў апазіцыі

  • 19.02.2010, 12:16

Беларускія праваабаронцы планавалі абмеркаваць з прадстаўнікамі ўлады супрацьпраўныя рэпрэсіўныя дзеянні супраць грамадзянскай супольнасці.

Актывісты праваабарончых арганізацыяў (Цэнтр прававой трансфармацыі, «Вясна», камітэт «Салідарнасць», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі Дом правоў чалавека і Беларуская асацыяцыя журналістаў) запрасілі прадстаўнікоў праваахоўных структураў Беларусі на сустрэчу, каб абмеркаваць сілавыя дзеянні супраць удзельнікаў масавых акцыяў, якія прайшлі ў лютым, а таксама сябраў Саюза палякаў.

Мэтай мерапрыемства з'яўляўся «пошук шляхоў для нармалізацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры забеспячэнні правапарадку падчас правядзення мірных сходаў».

Як паведамляе «Радыё Свабода», сустрэча была прызначаная на 19 лютага ў гатэлі «Еўропа», у 11 гадзінаў раніцы. Аднак увечары 18 лютага адміністрацыя гатэля адмовіла арганізатарам у даванні залы.

Тым не менш, сёння праваабаронцы сабраліся каля гатэля «Еўропа», чакаючы, ці прыйдзе хто-небудзь з прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Як і можна было прадбачыць, ніхто з прадстаўнікоў улады на сустрэчу не прыйшоў.

Апошнія навіны