BE RU EN

Сяргей Парсюкевіч: «Усім зразумела, што Сурган не злачынца, а пацярпелы»

  • 19.02.2010, 15:08

Прысуд Алегу Сургану ў Віцебску сярод іншых слухаў і Сяргей Парсюкевіч. Былы палітвязень кажа, што справа Сургана як дзве кроплі вады падобная на яго.

Як нагадвае «Радыё Свабода», у красавіку 2008 года прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 гады пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў збіцці супрацоўніка менскай турмы на вуліцы Акрэсціна Аляксандра Дулуба.

«Там усё адзін да аднаго. Вельмі падобныя справы. Усім было зразумела, што Сурган не злачынца, а пацярпелы. Я яшчэ, па праўдзе кажучы, дзіўлюся, што яму далі толькі шэсць месяцаў арышту. Магло б быць не менш за тры гады пазбаўлення волі. Таму не ведаю – у гэтым сэнсе нават пашанцавала. Таму што маглі даць нашмат больш», -- сказаў Сяргей Парсюкевіч.

Па словах былога палітвязня, відавочна, што ў справе Алега Сургана міліцыянты перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы.

«У чарговы раз было бачна, што міліцыянты перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, -- упэўнены Сяргей Парсюкевіч. -- Праўда, як я ведаю, прынамсі, патрульна-паставая служба дастаткова часта гэтым займаецца. Тут усё выйшла наверх. Таму такім чынам яны, у пэўным сэнсе, і абараняюцца. А па-другое, лішні раз пасадзіць чалавека, які дзесьці вывесіў сцяг, гэта ж для іх проста шчасце. Зрэшты, з-за гэтага ўсё і пачыналася. А ўжо аповяды пра тое, што Сурган знаходзіўся ў нецвярозым стане, гэтага не было наогул».

Сяргей Парсюкевіч дзівіцца хлуслівым паказанням супрацоўнікаў віцебскай міліцыі.

«Што гэта за пастаноўка пытання – укусіў за палец? Што гэта за глупства? Па-першае, што гэты палец рабіў у чужым роце? І як чалавек можа, лежучы на жываце, са звязанымі рукамі, у кайданках і з сагнутымі нагамі кагосьці ўкусіць? Тобок, наогул поўнае трызненне. Але пры гэтым у судзе ўсё прайшло. Зрэшты, прыкладна гэтак жа, як было і ў мяне», -- кажа былы палітвязень.

Нагадаем, што 19 лютага затрыманага за бел-чырвона-белы сцяг Алега Сургана прысудзілі да паўгода арышту.

Інцыдэнт, у сувязі з якім праходзіў судовы разгляд, адбыўся 3 верасня 2009 года. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарта каля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант хтосьці вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. У пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС Віцебска, Алега Сургана абвінавацілі ў вывешванні сцяга, аднак пазней гэты пратакол кудысьці знік, а замест яго з'явіўся іншы — нібыта Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні ўкусіў міліцыянта за палец.

Пры гэтым пасля знаходжання ў аддзяленні міліцыі на твары апазіцыянера засталіся сляды моцнага збіцця.

Міліцыянт Сяргей Дудкевіч сцвярджаў на судзе, што ў міліцэйскай машыне Алег Сурган нібыта «цёрся шчокамі аб падлогу» і «біўся галавой аб дзверы», такім чынам, наносячы самому сабе цялесныя пашкоджанні.

Апошнія навіны