BE RU EN

Пілоты Lufthansa страйкуюць: Адмененыя каля 3 тысячаў рэйсаў

  • 22.02.2010, 11:50

Нямецкія пілоты патрабуюць паляпшэнні ўмоваў працы, у страйку ўдзельнічаюць больш за 4 тысячы чалавек.

У ноч з нядзелі на панядзелак пілоты германскай авіякампаніі Lufthansa абвесцілі чатырохдзённы страйк.

У аэрапорце Франкфурта-на-Майне адмененыя практычна ўсе ўнутраныя рэйсы, ануліраваныя палёты ў Лондан, Стакгольм і іншыя замежныя гарады, паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на агенцтва DAPD. Шматлікія рэйсы адмененыя таксама ў аэрапортах Мюнхена, Дзюсельдорфа і Гамбурга.

Напярэдадні прафсаюзнае аб'яднанне Cockpit звярнулася да больш чым 4000 пілотаў з заклікам спыніць працу на чатыры дні. Галоўная мэта акцыі пратэсту - прадухіліць намечанае скарачэнне персанала. Прафсаюз абвінавачвае кіраўніцтва Lufthansa у імкненні павялічыць колькасць палётаў танных даччыных кампаніяў і за кошт гэтага звольніць частку працаўнікоў асноўнага падраздзялення.

Шкода ад страйку ацэньваецца авіякампаніяй прыкладна ў 100 мільёнаў еўра, адзначае «Эхо Москвы». Чакаецца, што страйк працягнецца да 25 лютага 2010 года. Аднак ужо зараз Lufthansa адмяніла 2/3 сваіх рэйсаў – каля 3 тысячаў.

Апошнія навіны