Сіноптыкі: Зіма скончылася
- 23.02.2010, 12:48
Тэмпература паветра ў канцы лютага - пачатку сакавіка ў Беларусі будзе на 2-4 градусы вышэй за норму.
Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Дзмітры Рабаў.
«Можна з упэўненасцю сказаць, што зіма ў Беларусі скончылася. Тэмпература паветра ў апошнія дні лютага і першыя дні сакавіка будзе на 2-4 градусы вышэй за кліматычную норму», - паведаміў Дз.Рабаў.
Паводле яго словаў, наступнай ноччу на большай частцы тэрыторыі Беларусі будзе ад мінус 5 да плюс 1 градуса, толькі на поўначы Віцебскай вобласці тэмпературны слупок апусціцца да мінус 7 градусаў.
Удзень у сераду па рэспубліцы чакаецца ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, цяплей за ўсё будзе ў Берасцейскай вобласці, там слупок тэрмометра ўзнімецца да плюс 5, удакладніў суразмоўца агенцтва.
Разам з тым ён паінфармаваў, што ўдзень у сераду на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, прагназуецца туман, слабы галалёд. «З-за перападу тэмператураў, плюсавых у дзённы час і мінусовых уначы, дарогі будуць слізкімі», - папярэдзіў Рабаў.
У чацвер уначы прагназуецца ад 0 да мінус 7 градусаў, па поўначы рэспублікі - да мінус 10, удзень чакаецца ад мінус 2 да плюс 4 градусаў. У пятніцу ўначы тэмпература будзе вагацца ад мінус 4 да плюс 1 градуса, удзень чакаецца ад нуля да плюс 5 градусаў, удакладніў Рабаў.
У суботу і нядзелю на працягу сутак - ад мінус 4 да плюс 1 градуса, па паўднёвым захадзе рэспублікі - да плюс 5 градусаў, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідрамета.
Што датычыць сітуацыі на рэках і азёрах, Дз.Рабаў паведаміў, што ваганні ўзроўня вады кожныя суткі складаюць 1-7 см. У сувязі з падвышэннем тэмпературы паветра прагназуецца ўздым узроўня вады на вадаёмах, адзначыў ён.
У цяперашні час на Менскім моры таўшчыня лёду складае 50 см, на Вілейскім вадасховішчы - да 54, на Нарачы - больш за 50 см, удакладніў Дз.Рабаў.