BE RU EN

Лідэрку івянецкага аддзялення Саюза палякаў выклікалі на допыт

  • 24.02.2010, 12:16

Допыт Тэрэзы Собаль Саюз палякаў Беларусі расцэньвае як працяг ціску на арганізацыю з боку беларускіх уладаў.

Як перадае «Радыё Свабода», актывістку Саюза палякаў з Івянца Тэрэзу Собаль 24 лютага выклікалі на допыт у Валожынскі РАУС. Яна з'яўляецца падазраванай па крымінальнай справе аб злоўжыванні службовым становішчам (частка 2 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса).

Справа пабудаваная на тым, што ў канцы 2004 года дырэктарка Польскага дома ў Івянцы Тэрэза Собаль атрымала грашовае заахвочванне ад кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі – 600 тысячаў рублёў.

Разам з Тэрэзай Собаль да следчага ў РАУС была выкліканая бухгалтарка Польскага дома Рамуальда Мірон. Пра гэта паведаміў з Валожына актывіст непрызнанага ўладамі Саюза палякаў, журналіст Андрэй Пачобут.

Сённяшні допыт Тэрэзы Собаль у Саюзе палякаў расцэньваюць як працяг кампаніі па знішчэнні івянецкай арганізацыі Саюза палякаў, якая падтрымлівае Анжаліку Борыс, адзначыў Пачобут.

Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюза палякаў. 17 лютага польскі сейм прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дзеянні Менска ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя разгледзець магчымасць вярнуцца да палітыкі санкцыяў у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.

Апошнія навіны