BE RU EN

Удзельнікаў акцыі салідарнасці з Саюзам палякаў выклікаюць у міліцыю

  • 24.02.2010, 14:26

Напярэдадні прыезду ў Менск дэлегацыі Еўрапарламента беларускія ўлады працягваюць аказваць ціск на грамадскіх актывістаў.

24 лютага позвай у Ленінскі РУУС Берасця была выкліканая адна з падпісантаў заявы салідарнасці з незалежным Саюзам палякаў Беларусі – Ірына Лаўроўская.

З размовы з намеснікам начальніка РУУС ёй стала вядомая сутнасць прэтэнзіяў: удзел у несанкцыянаваным пікеце. Аднак, як патлумачыла Ірына Лаўроўская, збор подпісаў адбываўся пры сустрэчах з канкрэтнымі людзьмі. А тое, што ліст са словамі салідарнасці быў перададзены ў сімвалічным месцы – перад помнікам Адаму Міцкевічу, да якога прысутныя ўсклалі кветкі і сфатаграфаваліся, не з'яўляецца ні злачынствам, ні парушэннем.

Уручыў позву Ірыне Лаўроўскай старэйшы ўчастковы інспектар А. Грамадскі.

Нагадаем, што 19 лютага ў Берасці адбылася акцыя салідарнасці з Саюзам палякаў. У ёй прынялі ўдзел каля 20 чалавек.

У апошні час у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюза палякаў. Актывістаў непрызнанага беларускімі ўладамі саюза затрымліваюць і арыштоўваюць. У івянецкага аддзялення арганізацыі ўлады адабралі Польскі дом.

У сувязі з гэтым польскае кіраўніцтва, а таксама кіраўнікі Еўразвяза і Еўрапарламента ўжо выказалі занепакоенасць незахаваннем уладамі Беларусі правоў чалавека.

17 лютага польскі сейм прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дзеянні Менска ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя разгледзець магчымасць вярнуцца да палітыкі санкцыяў у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.

Апошнія навіны