BE RU EN

Студэнтку аштрафавалі за акцыю салідарнасці з Саюзам палякаў

  • 25.02.2010, 9:14

Штраф у памеры 175 тысячаў рублёў прысудзіла актывістцы аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД» Ірыне Губскай адміністрацыйная камісія Фрунзенскага раёна Менска.

Камісія прызнала яе вінаватай у парушэнні артыкула 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў), паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі, паведамляе БелаПАН.

Ірына Губская была затрыманая ў ноч з 15 на 16 лютага ў Менску, калі маладыя хрысціянскія дэмакраты праводзілі акцыю ў падтрымку нефармальнага СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

Падчас акцыі ў цэнтры горада — на будынках станцыі метрапалітэна «Плошча Леніна», Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Менгарвыканкама — з'явіліся бел-чырвона-белыя налепкі з надпісам Wolna Bialorus («Вольная Беларусь»).

Актывістку затрымала ахова Менгарвыканкама, затым прыехалі міліцыянты і даставілі Губскую ў Маскоўскае РУУС. Праз тры гадзіны яе выпусцілі.

18-гадовая студэнтка Ірына Губская вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Менгарсавета.

Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюза палякаў. Актывістаў непрызнанага беларускімі ўладамі саюза затрымліваюць і арыштоўваюць. У івянецкага аддзялення арганізацыі ўлады адабралі Польскі дом.

У сувязі з гэтым польскае кіраўніцтва, а таксама кіраўнікі Еўразвяза і Еўрапарламента ўжо выказалі занепакоенасць незахаваннем уладамі Беларусі правоў чалавека.

17 лютага польскі сейм прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дзеянні Менска ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя разгледзець магчымасць вярнуцца да палітыкі санкцыяў у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.

Апошнія навіны