BE RU EN

Месцы для агітацыі – як «шчыгрынавая скура»

  • 26.02.2010, 12:14

Праваабаронцы сведчаць пра недэмакратычнасць і непразрыстасць беларускіх «выбараў».

Як перадае «Радыё Рацыя», улады Берасцейскай вобласці настолькі скарацілі месцы па зборы подпісаў і правядзенні агітацыі, што для гэтага практычна засталіся адны двары.

Гэта не лепшым чынам адаб'ецца на агітацыйнай кампаніі будучых незалежных кандыдатаў, лічыць кіраўнік незарэгістраванага грамадскага аб'яднання «Берасцейская вясна» Уладзімір Вялічкін.

На думку Вялічкіна, скарачэнне месцаў для збору подпісаў і правядзення агітацыі ніякім чынам не адаб'ецца на праўладных кандыдатах, якія маюць вялікі адміністрацыйны рэсурс.

«Па-першае, праўладныя не пойдуць, хутчэй за ўсё, збіраць подпісы. На збор подпісаў адправяць сваіх падначаленых. Па-другое, зробяць усё значна прасцей. Каб стварыць ілюзію шматпартыйнасці і дэмакратычнасці, пойдуць праўладныя кандыдаты ад «Белай Русі», БРСМ, ад саюза афіцэраў ці яшчэ якіх-небудзь саюзаў. Збяруць любую колькасць людзей на прадпрыемствах, спартыўных залах, дзе заўгодна», -- лічыць праваабаронца.

Па словах Вялічкіна, гэта яшчэ раз сведчыць пра няроўныя ўмовы, пра недэмакратычнасць і непразрыстасць беларускіх «выбараў».

Тым не менш, паводле яго пераканання, апазіцыі неабходна прымаць удзел у выбарах. Каб мець легальную магчымасць стасункаў з людзьмі.

«Людзям трэба ісці на выбары, -- лічыць Уладзімір Вялічкін. -- Але калі ўлады робяць фарс, дык ім трэба ў выніку таксама адказаць фарсам: напрыклад, знішчыць бюлетэнь ці напісаць на бюлетэнях прозвішча таго чалавека, каго б хацеў выбаршчык бачыць дэпутатам».

Апошнія навіны