Звольніўся дырэктар Тэатра музкамедыі
- 8.02.2010, 16:43
Беларускі дзяржаўны тэатр музкамедыі ўзначаліць былы начальнік упраўлення культуры Менгарвыканкама.
Як паведамляе «Еўрарадыё» дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра музкамедыі Аляксей Ісаеў пайшоў у адстаўку. Калектыву ўжо прадставілі новага кіраўніка. Ім стаў Аляксандр Пятровіч.
Афіцыйнае прадстаўленне новага дырэктара калектыву адбылося 5 лютага. Пра гэта распавяла балерына Мая Янсан.
«5 лютага нас склікалі на агульны сход. Прыехаў Уладзімір Карачэўскі з Упраўлення культуры і прадставіў нам нашага новага дырэктара Пятровіча. Нам паведамілі, што ў тэатры будуць новыя прызначэнні. Мы спадзяемся на тое, што наша тэатральнае жыццё зменіцца толькі да лепшага, спадзяемся на ўзнаўленне гастрольных паездак, на пастаноўкі новых спектакляў. Мы спадзяемся на цікавага балетмайстра. Вельмі б хацелася, каб вярнулася нашая дарагая Ніна Дз’ячэнка, якая была вымушаная звольніцца па асабістых матывах», -- распавяла Мая Янсан.
Па неафіцыйнай інфармацыі, Аляксей Ісаеў у сярэдзіне студзеня сам папрасіўся ў адстаўку.
Як распавёў начальнік аддзела мастацтваў Менгарвыканама Уладзімір Анціповіч, новы дырэктар Аляксандр Пятровіч раней працаваў начальнікам упраўлення культуры Менгарвыканкама, потым — у розных месцах у сферы культуры. Апошняя па часе праца — галоўны адміністратар у тэатры оперы і балета.