BE RU EN

«Лібералізацыя»: З 10 апазіцыянераў у выбаркамы дапускалі аднаго

  • 12.03.2010, 8:41

Усе размовы пра лібералізацыю ў Беларусі з'яўляюцца самым сапраўдным падманам еўрапейскай супольнасці.

68881 чалавек будуць лічыць бюлетэні на мясцовых выбарах у Беларусі. Менавіта гэтую лічбу агучыла 11 сакавіка Цэнтральная выбарчая камісія. На долю апазіцыйных партый у склад участковых выбарчых камісій прыпадае 76 месцаў, або 0,1% усіх членаў камісій. Апазіцыйныя палітыкі заяўляюць, што ўлады не вытрымалі чарговы тэст на лібералізацыю, перадае «Радыё Свабода».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што палітычныя партыі, як праўладныя, так і апазіцыйныя, будуць прадстаўляць 1572 чалавекі. Гэта, як ён лічыць, вялікі прагрэс у параўнанні з ранейшымі выбарамі.

«Усяго на ранейшых мясцовых выбарах у склад участковых камісіяў было ўключана 113 членаў палітычных партый. І сярод іх быў толькі адзін прадстаўнік апазіцыйных партый. А цяпер партыйцаў 1572. І гэта, пагадзіцеся, прагрэс вельмі вялікі», - сказаў Лазавік.

З такой ацэнкай не згаджаецца палітолаг Уладзімір Роўда.

«Гэта мізэрная лічба, калі гаварыць пра мясцовыя выбары. Гэта сведчыць пра тое, што нават тыя партыі, якія ніколі не выступалі супраць Лукашэнкі, таксама дрэнна прадстаўлены. Для еўрапейскіх краін гэта - абсалютны нонсэнс. Таму што гэта задача партый - удзельнічаць у камісіях, кантраляваць працэс, вылучаць сваіх кандыдатаў і весці барацьбу за дэпутацкія мандаты. А не аддаваць месца бюракратам, як гэта робіцца ў нашай краіне», - упэўнены палітолаг.

Сярод партыйцаў - членаў участковых камісій апазіцыйныя вылучэнцы складаюць 5%. Атрымалася так таму, што апазіцыянераў неахвотна ўключалі ў камісіі. Пра гэта красамоўна сведчаць наступныя лічбы: АГП вылучыла 281 чалавека - уключылі толькі 23, БНФ - адпаведна 122 і 17. А вось лічбы, якія тычацца праўладных партый: КПБ - 516 і 427, Аграрная - 132 і 131, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці - 358 і 342, Сацыяльна-спартыўная - 434 і 432.

Уладзімір Роўда кажа: гэтыя лічбы - адлюстраванне дыскрымінацыі апазіцыйных партый:

«Гэта сведчыць пра тое, што ўсе размовы пра лібералізацыю з'яўляюцца самым сапраўдным падманам еўрапейскай супольнасці і еўрапейскіх структур. Вось і ўсё - ніякай лібералізацыі ў Беларусі няма».

Апошнія навіны