Новаўвядзенні, якімі немагчыма скарыстацца
- 12.03.2010, 12:29
Інфармацыю пра тое, хто ўключаны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, фактычна «засакрэцілі».
Удзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на працягу апошніх дзён збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю аб фармаванні ўчастковых камісіяў па краіне. Адной з тэндэнцыяў працэсу стварэння камісіяў гэтага ўзроўня з'яўлялася закрытасць ад зацікаўленых суб'ектаў не толькі саміх паседжанняў, дзе прымаліся адпаведныя рашэнні, але і персанальнага складу чальцоў камісіяў.
У шмат якіх рэгіёнах адпаведныя выканаўчыя камітэты рознымі спосабамі пазбягалі прысутнасці на паседжаннях па ўтварэнні камісіяў прадстаўнікоў суб'ектаў, якія вылучылі сваіх прэтэндэнтаў у камісіі (чаго каштуе адно толькі затрыманне ў Салігорску грамадскага актывіста Івана Шылы на падыходах да гэтага «сакрэтнага» мерапрыемства). У іншых рэгіёнах на паседжанні выканкамаў прадстаўнікі грамадскасці патрапіць змаглі, але інфармацыю адносна таго, ці ўключаныя іх вылучэнцы ў камісіі ад іх «засакрэцілі»: маўляў, з'явяцца спісы ў друку - вось і даведаецеся. Іншымі словамі: чытайце газеты.
У папярэднія выбарчыя кампаніі пайшлі б гэтыя «цікаўныя» і чакалі каля кіёскаў з'яўлення дзяржгазетаў са спісамі камісіяў, але зараз «ліберальныя» новаўвядзенні ў Выбарчы кодэкс (арт. 34) далі ім магчымасць абскардзіць рашэнні органаў, якія ўтварылі камісіі. Пры гэтым - у трохдзённы тэрмін. Але як абскардзіць у пазначаны тэрмін, калі газеты павінны апублікаваць рашэнні выканкамаў і спісы зацверджаных чальцоў камісіяў (толькі тады зацікаўленыя суб'екты змогуць даведацца, хто з іх вылучэнцаў патрапіў ці не патрапіў у камісіі) на працягу сямі дзён?
Паразважаўшы над гэтым казусам, гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч вырашыў звярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію па тлумачэнні. Ён напісаў: «10 сакавіка 2010 г. адбыліся паседжанні адміністрацыяў Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў г. Гародні, на якіх былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Падчас разглядаў пытання інфармацыя аб уключэнні ці неўключэнні ў склады ўчастковых камісіяў вылучаных прадстаўнікоў партыяў, прадстаўнікоў грамадскасці агучаная не была. Больш за тое, гэтая інфармацыя не была пададзеная для азнаямлення пасля паседжанняў вышэйзгаданых адміністрацыяў.
Прашу патлумачыць, якім чынам прадстаўнікі партыяў альбо грамадскасці могуць рэалізаваць сваё права на зварот у суд у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь на працягу 3 дзён, з моманту прыняцця рашэння аб неўключэнні сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў, калі склады камісіяў будуць апублікаваныя ў перыядычным друку не пазней чым праз 7 дзён».