BE RU EN

Старыя правы кіроўцаў будуць у Еўропе несапраўднымі

  • 12.03.2010, 17:21

Усім, хто захоча ўехаць у наступным годзе ў краіны ЕЗ, павінны будуць атрымаць пашпарты кіроўцаў новага ўзору.

Старыя беларускія і савецкія правы кіроўцаў будуць несапраўдныя ў Еўропе з 29 сакавіка 2011 года. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старэйшы інспектар па асобых даручэннях аддзела рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці і тэхнагляду УДАІ МУС Беларусі Дзмітрый Гарыновіч, перадае БелТА.

Ужо зараз беларускія кіроўцы, якія маюць правы савецкага ўзору, будуць мець праблемы пры ўездзе на тэрыторыю Расеі. А 29 сакавіка 2011 года ўступаюць у сілу папраўкі да Канвенцыі аб дарожным руху, якая была заключаная еўрапейскімі краінамі ў Вене ў 1968 годзе. Менавіта таму з сакавіка наступнага года для ўезду ў Еўропу кіроўцам трэба будзе мець правы новага ўзору. Яны будуць выдавацца з ліпеня 2010 года.

Пасведчанне будзе ўяўляць сабой пластыкавую картку. На правах будзе фатаздымак іх уладальніка, яго аўтограф, дзяржнумар аўтамабіля, дата і месца нараджэння кіроўцы і г.д. У афармленні гэтага дакумента будзе выкарыстоўвацца англійская, беларуская і руская мовы. Кошт новых правоў павінен скласці адну базавую велічыню (зараз Br35 тыс.).

Як адзначыў Дзмітрый Гарыновіч, беларускія ўлады пакуль не плануюць прыраўняць правы кіроўцы да дакумента, які засведчвае асобу, як гэта было зроблена, напрыклад, у ЗША.

Апошнія навіны