BE RU EN

Палітжаўнер Андрэй Цянюта звярнуўся ў пракуратуру

  • 15.03.2010, 11:05

Салдат-апазіцыянер, актывіст «Маладога фронту» Андрэй Цянюта звярнуўся ў міжгарнізонную пракуратуру са скаргай на камандаванне віцебскай вайсковай часткі.

Гвалтам прызваны ў армію моладзевы актывіст паведамляе ў скарзе, што камандзіры не пусцілі яго зарэгістраваць ініцыятыўную групу на «выбарах» у мясцовыя саветы. Як паведамляе mfront.net, Цянюта лічыць, што гэтая перашкода звязаная з тым, што кіраўнік часткі, таксама прымае ўдзел у мясцовых «выбарах».

Андрэй Цянюта некалькі разоў падаваў рапарты камандаванню віцебскай дэсантнай вайсковай часткі аб сваім жаданні вылучацца кандыдатам у дэпутаты на мясцовых «выбарах». Паводле выбарчага кодэкса, адміністрацыя вайсковай часткі павінна была стварыць спрыяльныя ўмовы для рэгістрацыі кандыдатаў. Аднак Андрэя Цянюту некалькі разоў прымусілі перапісваць рапарты, а потым далі адмоўны адказ.

Нагадаем, што медыкі прызналі Цянюту непрыдатным да вайсковай службы з прычыны плоскаступнёвасці і скаліёзу 2 ступені. Аднак ваенкамат перанакіраваў моладзевага актывіста на новае абследаванне, і ў пачатку верасня абласны клінічны шпіталь панізіў яму ступень скаліёзу.

Андрэя Цянюту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за яго палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з 2008 года дзейнічае так званы «палітычны прызыў». У армію былі незаконна прызваныя актывісты «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук, Іван Шыла, Яўген Скрабец і Андрэй Цянюта, а таксама актывісты «Моладзі БНФ» Зміцер Жалезнічэнка і Франак Вячорка.

Апошнія навіны