BE RU EN

Журналістыка ў Беларусі ўжо стала «самаўпраўствам»

  • 15.03.2010, 16:14

На дзве базавыя велічыні аштрафаваў сёння суд гарадзенца Аляксандра Дзянісава за тое, што той браў інтэрв’ю ў школе пра выкладанне прадмету «Гродназнаўства».

Суд расцаніў гэта як «самаўпраўства», палічыўшы, што Аляксандр Дзянісаў не з’яўляўся журналістам канкрэтнага СМІ, а толькі меў пасведчанне Беларускай асацыяцыі журналістаў, і таму не мог займацца журналісцкай дзейнасцю, перадае «Радыё Свабода».

Пра Аляксандра Дзянісава беларускае тэлебачанне паказала днямі сюжэт: маўляў, ён здымаў у школе сюжэт для тэлеканала «Белсат». Як вядома, гэтаму тэлеканалу ўлады не даюць акрэдытацыі. Аднак у судзе назва «Белсат» не гучала. Гаворка была пра тое, ці меў увогуле Аляксандар Дзянісаў права браць інтэрв’ю?

«Выступаючы сёння ў Ленінскім судзе ў справе А.Дзянісава паводле артыкула 23.38 Адміністрацыйнага кодэксу — «самаўпраўства», я выклаў свае меркаванні пра тое, што самаўпраўства ў яго дзеяннях не было і не магло быць, -- заявіў адвакт Уладзімір Кісялевіч. -- Я спасылаўся на тое, што кожны грамадзянін РБ паводле Канстытуцыі мае права мець доступ да інфармацыі і распаўсюджваць яе. Ніякага парадку пры гэтым ён не парушыў, дзейнічаў не самавольна, а з дазволу дырэктара школы № 28 Гародні Ахметава».

Даўшы дазвол, дырэктар потым выклікаў у школу супрацоўнікаў міліцыі.

Суддзя Ксенія Стасюкевіч пацікавілася ў інтэрнэце паняццем «журналіст». Яна сказала, што журналістам можна быць, толькі маючы дачыненне да СМІ, кажа адвакат Кісялевіч. Сам ён з гэтым не згодны. Не згодны з рашэннем суда і сам аштрафаваны журналіст Аляксандр Дзянісаў.

«Пытанне паўстала: як я прыходзіў у школу - як грамадзянін ці як журналіст? Я сказаў, што як грамадзянін - бо паказаў дырэктару пашпарт, і як журналіст - у мяне было пасведчанне БАЖ. Я маю дачыненне да распаўсюду інфармацыі і называю сябе журналістам. Я і раней задаваў пытанне міліцыянтам: каб у мяне не было пасведчання БАЖ, у мяне б не было тады праблемаў? Яны паціскалі плячыма. Я лічу, што цяпер мне гэтае пасведчанне не будзе патрэбна, бо яно стала як чырвоная ануча для быка», -- адзначыў Аляксандр Дзянісаў.

Журналісту трэба будзе выплаціць штраф у памеры дзвюх базавых велічынь – 70 тысяч рублёў.

Апошнія навіны