Інапрэса: Блогеры ў Расеі замянілі і СМІ, і праваахоўныя органы
- 15.03.2010, 17:13
Ва ўмовах панавання ў Расеі СМІ, падкантрольных уладзе, расейскія блогеры бяруць на сябе не толькі функцыю прэсы, але і ахоўнікаў парадку.
Пра гэта, узгадваючы шэраг нядаўніх скандалаў, якія выклікалі ў РФ шырокі грамадскі рэзананс, не ў апошнюю чаргу дзякуючы карыстальнікам інтэрнэт-часопісаў, піша ўплывовае швейцарскае выданне «Neue Zürcher Zeitung», на якое спасылаецца сайт InoPressa.ru.
У прыватнасці, у артыкуле гаворыцца пра дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам машыны віцэ-прэзідэнта «Лукойла» Анатоля Баркова, у якім загінулі два чалавекі, і рэакцыі на яго расейскай грамадскасці.
Нагадаем, 25 лютага ў Маскве на Ленінскім праспекце адбылося лабавое сутыкненне аўтамабіляў Citroen і Mercedes-Benz, у выніку якога загінулі дзве жанчыны: вядомы ўрач-гінеколаг Вера Сідзельнікава і яе 35-гадовая сваячка Вольга Александрына, якія ехалі ў Citroen.
Віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Анатоль Баркоў, які ехаў у Mercedes, быў шпіталізаваны, аднак неўзабаве яго выпісалі з бальніцы. Блізкія загінулых сцвярджаюць, што вінаватым у сутыкненні быў кіроўца аўтамабіля віцэ-прэзідэнта «Лукойла».
Як адзначае «Neue Zürcher Zeitung», блогеры хутка ацанілі грамадскую значнасць таго, што здарылася і ўжо праз некалькі гадзін пасля аварыі заняліся пошукамі сведак. У інтэрнэце з’явіўся адкрыты ліст, скіраваны супраць уладальнікаў аўтамабіляў з спецнумарамі і мігалкамі, якія не толькі ўяўляюць сабой пагрозу для астатніх удзельнікаў руху, але і ператвараюць апошніх у людзей другога гатунку.
Праз некалькі дзён пасля гэтага гучнага ДТЗ міліцыя, каб закрыць дарогу злачынцам, выставіла на магістралі «жывы шчыт» з аўтамабіляў простых грамадзян. Пры гэтым, як паведамлялася, у адной з машын знаходзілася цяжарная жанчына. Абурэнне блогераў было такое вялікае, што начальніку маскоўскай міліцыі давялося прасіць прабачэння ва ўладальнікаў пацярпелых аўтамабіляў, адзначае швейцарскае выданне.
Як паказала леташняе даследаванне ComScore, расейцы - асноўныя карыстальнікі сацыяльных сетак. Маладое пакаленне выкарыстоўвае «Жывы часопіс» і Facebook для распаўсюду інфармацыі аб супрацьпраўных дзеяннях.
Інтэрнэт здольны хутка мабілізаваць.