Захоплены самалійцамі беларускі капітан вярнуўся дадому
- 16.03.2010, 13:34
Расейскія маракі і іх капітан-беларус Сяргей Харлан з траўлера «Тай Юніён-3» учора ўначы прыбылі ў Калінінградскі аэрапорт пасля чатырох месяцаў у палоне ў самалійскіх піратаў.
Паводле паведамленняў расейскіх СМІ, з Калінінградскага аэрапорта Сяргей Харлан адбыў на радзіму ў Беларусь, дзе пражывае яго сям’я. Капітан, які быў паранены, калі піраты захоплівалі яго карабель, паведаміў журналістам, што збіраецца дома пайсці на аперацыю, каб аднавіць параненую руку.
«Потым, калі здароўе дазволіць, пайду зноў працаваць у мора», - дадаў Харлан. Як паведамляе «Радыё Свабода», беларус таксама выказаў падзяку свайму сябру, зваршчыку «Тай Юніён-3» Юрыю Грычуну за медычную дапамогу пасля ранення.
Капітан Сяргей Харлан, выказаў надзею на тое, што ўладальнік іх сэйнера-тунцалова, тайландская кампанія Thai Union, выплаціць сябрам экіпажу кампенсацыю.
Нагадаем, што траўлер «Тай Юніён-3» быў захоплены самалійскімі піратамі летась 29 кастрычніка ў Індыйскім акіяне за 200 міляў ад Сейшэльскіх астравоў. З таго часу ён знаходзіўся на адной з пірацкіх баз на ўзбярэжжы Самалі. Акрамя беларуса Сяргея Харлана, у экіпаж уваходзілі 23 расейцы, два ганцы і два філіпінцы. Толькі на мінулым тыдні, у выніку працяглых і цяжкіх перамоваў, кампаніі ўдалося выкупіць каманду судна.
Узгадваючы пра тое, як траўлер «Тай Юніён-3» трапіў у палон, капітан кажа, што маленькія чаўны самалійцаў рухаліся нашмат хутчэй, чым іхны траўлер. Паводле ягоных слоў, захопнікаў было чалавек 12—15, кожны быў узброены аўтаматам Калашнікава. Да таго ж у кожным чоўне было па гранатамёце. Маракі ж «Тай Юніён-3» маглі выкарыстоўваць для самаабароны толькі сігнальныя ракеты.
У дачыненьні да палонных піраты паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Маракам увесь час пагражалі зброяй, настаўлялі на іх аўтаматы. Кармілі іх рысам, макаронамі і бульённымі кубікамі, абы маракі не памерлі з голаду.
У часе перамоваў піраты ўвесь час павялічвалі сумы выкупу. Яны дамагаліся ад кожнага сябра каманды, каб той звязаўся са сваякамі і папрасіў выкупіць сябе за 300—500 тысяч даляраў. Аднак гэта не было зроблена.
Як лічыць капітан Харлан, «мэты ў піратаў адны - захопліваць болей і прадаваць даражэй».
Паведамляецца, што пасля гэтага інцыдэнту ўладальнікі «Тай Юніён-3» вырашылі наняць прафtсійных узброеных ахоўнікаў для суправаджэння судна ў часе плавання.