МУС: Выбух 4 ліпеня ў Менску – хуліганства
- 2.03.2010, 13:17
Пасля паўтарох гадоў расследавання па факце выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску ў МУС па-ранейшаму няма падазраваных.
Як перадае «Інтэрфакс», 2 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Алег Пякарскі заявіў, што версія пра тое, што выбух, які прагрымеў у Менску 4 ліпеня 2008 г. (падчас святкавання Дня незалежнасці) быў спробай дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, не знайшла пацверджання.
«Версія пра тое, што выбух на Дзень незалежнасці быў спробай нейкага ведамства альбо асобы дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, не знайшла свайго пацверджання», - заявіў Пякарскі.
Паводле яго словаў, асноўнай версіяй гэтага злачынства з'яўляецца здзяйсненне выбуху з хуліганскіх намераў. «Гэтае злачынства падобнае на выбух у верасні 2005 года ў Віцебску, падчас якога таксама пацярпелі грамадзяне», - сказаў Алег Пякарскі.
«Мы не звязваем два гэтыя злачынствы, проста кажам пра іх падабенства», - сказаў першы намеснік міністра МУС.
Ён паведаміў, што «праца над раскрыццём выбуху, які адбыўся ў Дзень незалежнасці ў Менску, вядзецца актыўна. Гэтае злачынства не знятае з кантролю, але падазраваных па гэтай справе ў цяперашні час няма».
Пякарскі паведаміў, што падчас расследаванняў злачынства аб выбуху было раскрыта больш за 4 тыс. іншых злачынстваў, каля 900 чалавек былі дапытаныя, было канфіскавана больш за 150 кг выбуховых рэчываў, затрымлівалася каля 120 чалавек, было выяўлена каля 150 груповак, якія займаліся выбуховымі рэчывамі.
Нагадаем, што выбух прагрымеў у Менску ўначы 4 ліпеня ў 0.25 на канцэрце, прысвечаны афіцыйнаму Дню Незалежнасці. Выбухнуў пакет ад соку. Ад асколачных ранаў пацярпелі больш за 50 чалавек. 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваныя.