BE RU EN

Эколагі супраць аднаўлення дыплома Рады Еўропы для Белавежскай пушчы

  • 2.03.2010, 14:55

Атрымалі агалоску факты аб незаконным загонным паляванні на зуброў у запаведнай зоне парку.

17 прадстаўнікоў экалагічнай грамадскасці звярнуліся ў Раду Еўропы з просьбай адкласці на год прыняцце рашэння аб аднаўленні дыплома РЕ для нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Як паведаміла БелаПАН інфармацыйны менеджэр экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Вольга Сацук, яго ініцыятарам выступіў былы намеснік дырэктара па навукова-даследчай працы парку Георгій Казулька.

Дыплом РЕ - прэстыжную ўзнагароду, якой адзначаюць поспехі нацыянальных паркаў і запаведнікаў у сферы аховы прыроды - Белавежская пушча атрымала ў 1997 годзе.

У кастрычніку 2007 года беларускі бок мусіў прадставіць экспертам РЕ план кіравання паркам на 10 гадоў, які з'яўляецца ўмовай працягу дзеяння дыплома, аднак да гэтага тэрміну дакумент падрыхтаваць не здолелі. Беларускі МЗС накіраваў камітэту РЕ па пытаннях захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці ліст, у якім тлумачыліся прычыны затрымкі з падрыхтоўкай плана, а таксама запэўнівалі, што прыродаахоўная і гаспадарчая дзейнасць у Белавежскай пушчы адпавядае патрабаванням і рэкамендацыям РЕ.

Камітэт прыняў пад увагу гэтыя тлумачэнні і перанёс разгляд пытання на лістапад 2007 года, затым - на вясну 2008-га, на сакавік 2009-га і, нарэшце, на сакавік 2010 года.

Эколагі ў сваім звароце звяртаюць увагу на парушэнне дэмакратычных працэдур падчас абмеркавання плана і немагчымасць яго адкрытага грамадскага кантролю.

«Праведзеная грамадскасцю аналітычная праца сведчыць аб вялізнай колькасці экалагічных праблем у Белавежскай пушчы, якія з нарастаючай хуткасцю вядуць да гібелі гэтага ўнікальнага кутку дзікай прыроды», - гаворыцца ў звароце. У прыватнасці, у лютым гэтага года атрымалі агалоску факты аб незаконным загонным паляванні на зуброў у запаведнай зоне парку, адзначаюць падпісанты. Яны таксама звяртаюць увагу на «бесперапынныя шырокамаштабныя высечкі» лесу. Акрамя таго, эколагі занепакоеныя будаўніцтвам сучаснай акруговай дарогі вакол Белавежскай пушчы, намерамі інтэнсіўна развіваць турызм і паляванне на тэрыторыях парку.

«Такім чынам, на сёння мы не бачым жадання адміністрацыі нацыянальнага парку сур'ёзна разглядаць план кіравання як інструкуцыю да дзеяння», - заяўляюць падпісанты. Яны спадзяюцца, што шанец палепшыць сітуацыю з'явіцца, калі прыняцце рашэння аб прадаўжэнні дыплома РЕ будзе адкладзенае або, у выпадку неабходнасці кампрамісу, дыплом будзе працягнуты «умоўна і часова, тэрмінам на два-тры гады».

Апошнія навіны