BE RU EN

Алега Сургана перавялі ў «адно з самых суровых месцаў зняволення»

  • 2.03.2010, 17:37

Віцебскі актывіст апазіцыі 47-гадовы Алег Сурган пераведзены для адбыцця пакарання ў выпраўленчую калонію асобага рэжыму № 13 горада Глыбокае Віцебскай вобласці.

Паводле словаў сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, пра перавод стала вядома сваякам Сургана 2 сакавіка, калі яны прынеслі яму перадачу ў следчы ізалятар № 2 Віцебска, дзе раней знаходзіўся апазіцыянер, перадае БелаПАН.

«Варта адзначыць, што Глыбоцкая калонія асобага рэжыму № 13 лічыцца адным з самых суровых месцаў зняволення ў Беларусі», - дадаў Севярынец.

Нагадаем, 19 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прысудзіў Сургана да шасці месяцаў арышту нібыта за супраціў супрацоўнікам міліцыі і выплаце 2,5 млн. рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту Сяргею Дудкевічу.

Інцыдэнт, у сувязі з якім прайшло судовае разбіральніцтва, адбыўся 3 верасня 2009 года. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту ля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант нехта вывесіў бел-чырвона-белы сцяг.

У пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС Віцебска, Сургана абвінавацілі ў вывешванні сцяга, аднак пазней гэты пратакол некуды знік, а замест яго з'явіўся іншы: нібыта Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні укусіў міліцыянта за палец.

Сам Сурган сцвярджае, што ў аддзяленні міліцыі да яго ўжываліся катаванні, што было зафіксавана медыцынскім аглядам.

Апошнія навіны