Галоўны судовы выканаўца Гародні апынуўся падпольным мільянерам
- 29.03.2010, 17:41
Паводле папярэдніх дадзеных, гарадзенскі судовы выканаўца паспеў выкрасці 130 мільёнаў рублёў. Хоць гэта сума можа быць значна большай.
Як паведамляе блогер і журналіст Анджэй Пачобут (poczobut.livejournal.com), прозвішча арыштаванага - Юрый Дзюрдзь, галоўны судовы выканаўца Ленінскага раёну Гародні.
Як паведамляе «Вечерний Гродно», аказалася, што ён збываў канфіскаваныя рэчы, а грошы краў. Плату па штрафам таксама пакідаў сабе.
У суд Ленінскага раёну Гародні пачалі звяртацца людзі, якія хацелі выехаць за мяжу. Іх цікавіла, ці няма ў іх даўгоў па штрафам. Аднак высветлілася, што па паперах плацяжы не праходзілі. 39-гадовы прыстаў прапаноўваў грамадзянам аплачваць штрафы проста ў судзе. Запэўніваў, што сам пакладзе грошы на банкаўскі рахунак. Насамрэч браў грошы сабе. У дакументах пісаў, што спагнанне немагчыма. Як варыянт, далучаў фіктыўныя плацёжкі аб пералічэнні грошай у даход мясцовага бюджэту і на рахункі арганізацый.
Следства ўстанавіла, што судовы выканаўца рабіў такія крадзяжы з 2004 па 2008 год. Каб разабрацца ў гэтай справе, да расследавання падключыліся розныя ўстановы: Камітэт дзяржкантролю, упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і абласная пракуратура. У мінулым годзе былога прыстава асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі (па ч.2 арт. 424 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзянаў альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам»). Аднак абласной пракуратуры зноў прыйшлося вярнуцца да справы. Канкрэтныя эпізоды, у якіх на гэты раз абвінавачваецца судовы выканаўца, не выдаюцца ў інтарэсах следства. Па словах старэйшага следчага па важнейшых справах абласной пракуратуры Зміцера Карповіча, цяпер узбуджаная крымінальная справа па артыкуле «крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».
І факты, якія ўсплываюць, не абмяжоўваюцца простымі штрафамі. Гаворка ўжо ідзе пра тое, што судовы выканаўца забіраў сабе канфіскаваныя па крымінальных справах каштоўныя рэчы. Браў кампутары, мабільныя тэлефоны і залатыя ўпрыгожанні. Хаця абавязаны быў здаваць тэхніку ў спецыялізаваныя магазіны, а каштоўныя вырабы адпраўляць у Менск. Спагнанні ў буйных памерах даручаў дадзенаму чыноўніку ў сувязі з яго высокім статусам - ён кіраваў Саветам судовых выканаўцаў агульных судоў пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі.
Пакуль абвінавачванне складаецца з 18 фактаў. Арыенціровачная сума ўрону дзяржаве ад яго дзеянняў - звыш 130 мільёнаў рублёў. Дарэчы, мужчына прысвоіў нават тыя грошы, якія павінны былі пайсці на лячэнне дзіцяці. Расходы на маленькага пацыента ў памеры 325 тысяч рублёў спагналі з маці, але на кошт медыцынскай установы яны так і не паступілі. Разам з тым следчыя не выключаюць, што выпадкаў крадзяжу можа быць больш.