У Светлагорску кандыдатаў адправілі агітаваць на паркоўку
- 30.03.2010, 11:59
Мясцовыя ўлады вылучылі ў якасці месца для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў парковачную пляцоўку каля завода.
Калі кандыдаты пажадаюць правесці агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі - сходы, мітынгі, пікеты, - дык могуць ісці на парковачную пляцоўку каля спартыўнага комплексу Цэлюлозна-кардоннага камбіната. Акрамя спарткомплексу, іншых аб'ектаў тут няма, навокал - лесапаркавая зона, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Чым не месца для пікетаў?
Гэтым жа рашэннем (№ 397 ад 10 сакавіка) райвыканкам вызначыў у Светлагорску яшчэ 2 агітацыйныя месцы: пляцоўкі ў парку і ля набярэжнай. Як паведаміла адна з кандыдатаў у дэпутаты, парк у Светлагорску - месца на ўскраіне, якое мала наведваецца. Што датычыць набярэжнай - яна таксама на ўскраіне, але калі дачакацца цёплага надвор'я, дык людзі там бываюць.
Акрамя Светлагорска, раённая ўлада вызначыла толькі 2 месцы для агітмерапрыемстваў: у пасёлках Парычы і Сасновы Бор. Адносна сельскай мясцовасці райвыканкам загадаў прыняць аналагічныя рашэнні сельскім і пасялковым адміністрацыям.
Вызначэнне месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў па-за памяшканнямі прадугледжанае папраўкамі ў Выбарчы кодэкс, якія былі прынятыя напярэдадні цяперашніх выбараў у мясцовыя Саветы.