ААН: Беларусь скандальна парушыла свае міжнародныя абавязацельствы
- 30.03.2010, 16:48
Камітэт ААН па правах чалавека асудзіў выкананне ў Беларусі двух смяротных пакаранняў.
Пра гэта, як паведамляе «Радыё Рацыя», гаворыцца ў прэс-рэлізе Камітэта ААН па правах чалавека, які быў напісаны па выніках вясновай сесіі ў Нью-Ёрку.
Спецыяльны дакладчык Камітэта па новых паведамленнях і часовых мерах Крысціна Шане заявіла, што Камітэт ААН па правах чалавека прасіў урад Беларусі да заканчэння разгляду спраў двух беларускіх грамадзян Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука адкласці выкананне супраць іх смяротнага пакарання. Аднак людзі былі расстраляныя. Беларуская дзяржава праігнаравала гэтую просьбу, чым скандальна парушыла свае міжнародныя абавязацельствы, якія вынікаюць з Факультатыўнага пратаколу да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісанага Беларуссю.
Шане таксама паведаміла, што ў мінулы чацвер Камітэт накіраваў ліст афіцыйнаму Менску з патрабаваннем тлумачэнняў выканання смяротнага пакарання ў дачыненні да двух чалавек, аднак, яны так і не былі атрыманыя.
Як лічыць прадстаўнік Камітэта па правах чалавека са Швецыі Крыстэр Тэлінг, ігнараванне Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў і грэблівае стаўленне да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах абражае Камітэт ААН і павінна быць даведзена да шырокай грамадскасці.
Па словах юрыста-праваабаронца Рамана Кісляка, які падрыхтаваў для Камітэта ААН пакет дакументаў адносна двух асуджаных да смяротнага пакарання беларускіх грамадзян, - гэта сапраўды скандал.
«Па сутнасці Рэспубліка Беларусь кінула выклік Камітэту па правах чалавека, міжнароднай супольнасці ў плане выканання сваіх абавязкаў. З боку сусветнай супольнасці будзе рэакцыя на такія паводзіны дзяржавы», - адзначыў праваабаронца.
На думку Рамана Кісляка, гэта далёка не лепшым чынам адаб'ецца на іміджы Беларусі.
Нагадаем, што ў сярэдзіне сакавіка 2010 года, паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», у Беларусі былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзэпчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе і забойстве супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра», які перавозіў грошы для выплаты заробку працоўным сельгаспрадпрыемства. Другога прысудзілі да вышэйшай меры пакарання за здзяйсненне серыі забойстваў пажылых жанчын у Берасцейскай вобласці.