BE RU EN

«Флустоп» выпусцілі пасля эпідэміі свінога грыпу

  • 31.03.2010, 13:26

Айчынны антыгрыпозны прэпарат «Флустоп» прайшоў усе неабходныя выпрабаванні і быў зарэгістраваны ў Міністэрстве аховы здароўя.

Аднак, як адзначае «Еўрарадыё», на прылаўкі аптэк новае лякарства яшчэ не трапіла.

У Інстытуце фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі распавялі, што дазвол на выпуск «Флустопа» атрыманы. Аднак наладжваць вытворчасць зараз рана: да пачатку наступнай эпідэміі грыпу прэпарат будзе папросту незапатрабаваным.

«Ён зарэгістраваны, мае дазвол на вытворчасць. Заканчваюцца дадатковыя клінічныя выпрабаванні. Пакуль што мы «Флустоп» не выпускаем, бо выпуск мусіць быць запатрабаваны. Эпідэміі ж няма! Абсталяванне падрыхтаванае, і тэхналогія, і ўсе выпрабаванні праведзеныя. Метады аналізу, фармартыкул зарэгістраваны. Даюць нам сігнал «наперад!» - і мы пачынаем», - сказаў супрацоўнік НАН Беларусі.

Нагадаем, айчынныя фармацэўты распрацавалі новы антыгрыпозны прэпарат «Флустоп», альтэрнатыўны «Таміфлю». Аднак у адрозненне ад замежнага прэпарата беларускі ўтрымлівае менш прымесяў і мае менш пабочных эфектаў. Стваральнікі «Флустопа» паабяцалі, што ён будзе ўдвая таннейшым за «Таміфлю».

Апошнія навіны