Лукашэнка «ператахнуў» пракуратуру
- 4.03.2010, 11:21
У адпаведнасці з указам беларускага кіраўніка некаторыя следчыя органы пракуратуры ліквідаваныя.
Як паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 99 ад 1 сакавіка, следства органаў пракуратуры будзе рэфармаванае.
У адпаведнасці з гэтым дакументам следчы апарат органаў пракуратуры будзе складацца са следчага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры і падначаленых яму следчых аддзелаў пракуратураў абласцей, горада Менска і прыраўнаных да іх спецыялізаваных пракуратураў.
У склад следчага ўпраўлення Генпракуратуры ўвойдуць намеснік генпракурора — начальнік следчага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры, яго намеснікі — начальнікі аддзелаў, іх намеснікі, старэйшыя следчыя па асабліва важных справах, следчыя па асабліва важных справах, старэйшыя следчыя-крыміналісты, следчыя-крыміналісты, памочнікі намесніка генпракурора — начальніка следчага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры.
У склад следчых аддзелаў пракуратураў абласцей, горада Менска і прыраўнаных да іх спецыялізаваных пракуратураў увойдуць начальнікі гэтых аддзелаў, іх намеснікі і памочнікі, старэйшыя следчыя па найважнейшых справах, следчыя па найважнейшых справах, следчыя-крыміналісты, а таксама замацаваныя за раённымі (міжраённымі, міжгарнізоннымі) участкамі гэтых аддзелаў старэйшыя следчыя, следчыя.
Указ прадугледжвае, што нагляд за выкананнем закона пры правядзенні папярэдняга следства ў органах пракуратуры ў следчым упраўленні Генпракуратуры будзе ажыццяўляцца генеральным пракурорам, адным з яго намеснікаў, іншымі ўпаўнаважанымі генпракурорам пракурорскімі працаўнікамі Генеральнай пракуратуры.
У следчых аддзелах пракуратураў абласцей, горада Менска і прыраўнаных да іх спецыялізаваных пракуратураў — вышэйназванымі службовымі асобамі, а таксама пракурорамі абласцей, горада Менска і прыраўнанымі да іх пракурорамі, адным з іх намеснікаў, іншымі ўпаўнаважанымі гэтымі пракурорамі пракурорскімі працаўнікамі гэтых пракуратураў, а таксама пракурорамі раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, міжраённымі і прыраўнанымі да іх транспартнымі і міжгарнізоннымі ваеннымі пракурорамі — па крымінальных справах аб злачынствах, здзейсненых на паднагляднай ім тэрыторыі.
Функцыі пракуратураў раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, міжраённых і прыраўнаных да іх спецыялізаваных пракуратураў па ажыццяўленні папярэдняга следства па крымінальных справах будуць перададзеныя следчым аддзелам пракуратураў абласцей, горада Менска і прыраўнаных да іх спецыялізаваных пракуратураў. Пералік раённых (міжраённых, міжгарнізонных) участкаў гэтых аддзелаў і колькасны склад замацаваных за імі старэйшых следчых і (ці) следчых вызначаюцца генпракурорам з улікам колькасці насельніцтва, якое пражывае, і стану крымінагеннай абстаноўкі на адпаведных тэрыторыях.
У адпаведнасці з указам ліквідуюцца: ваенная пракуратура па наглядзе за законнасцю ў вайсковых частках ВПС і войскаў СПА, ваенная пракуратура па наглядзе за законнасцю ў органах памежнай службы.
Нагадаем, што ў канцы 2009 года ў Беларусі былі пашыраныя паўнамоцтвы КДБ, МУС і ДФР. Для ўтрымання пад вартай, ператруса, праслухоўвання і запісу размоваў з гэтага часу дастаткова рашэння адной з трох асоб: міністра ўнутраных справаў, кіраўніка КДБ ці дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР).
З ініцыятывай надаць міністру МУС, старшыні КДБ і кіраўніку Дэпартамента фінансавых расследаванняў права «ажыццяўляць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ужываць меры стрымання і здзяйсняць асобныя працэсуальныя дзеянні па матываванай пастанове» у жніўні 2009 года выступіў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі кіраўнік выказаў упэўненасць, што «кіраўнікі гэткага высокага рангу» не менш кампетэнтныя, чым пракурор, які дае санкцыю.
На думку беларускіх праваабаронцаў, гэтая ініцыятыва беларускага дыктатара адсылае да сталінскіх «тройкаў», калі санкцыі на арышт у дасудовым парадку выдаваў кіраўнік мясцовага НКУС, сакратар абкама і пракурор. Усё гэта рабілася для разгрому «антысавецкіх элементаў».