BE RU EN

У ДК МАЗ не далі правесці «Свята беларускай мовы»

  • 5.03.2010, 9:33

«Свята беларускай мовы» у Менску апынуўся пад пагрозай зрыву з-за адмовы ў арэндзе памяшкання.

Як паведамляе «Радыё Рацыя», сёлета свята ўпершыню планавалася правесці афіцыйна і маштабна. У Палацы культуры МАЗ павінна было прайсці ўзнагароджанне прадстаўнікоў самых розных прафесіяў, якія штодня сваім прыкладам спрыяюць развіццю і папулярызацыі беларускай мовы, а таксама канцэрт беларускіх выканаўцаў. Квіткі прадаваліся добра, і зала на 700 месцаў павінна была быць запоўненая.

Аднак нечакана для арганізатараў, за два дні да мерапрыемства, кіраўніцтва Палаца культуры МАЗ скасавала дамову.

«Нам проста сказалі, што канцэрта не будзе і ўсё. Значыць, квіткі мы будзем вяртаць», -- распавёў адзін з арганізатараў канцэрта Кірыл Шык.

Мерапрыемства ў тэрміновым парадку перанеслі ў аўдыторыю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Яго правялі ў закрытым фармаце.

Канцэрт наведаў міністр культуры Павал Латушка і кіраўніцтва вну. Праўда, як сведчыць адзін з удзельнікаў мерапрыемства музыка Алег Хаменка, высокія госці не прамовілі ані словы. «Гэта падалося крыху дзіўным», -- адзначыў музыка.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства, Павал Каралёў, апынуўся ў ліку тых, каго пасля правядзення «Свята беларускай мовы» выклікалі ў адміністрацыю ўніверсітэта.

«Прасілі даць тлумачэнне наконт таго, чаму мы ўзяліся дапамагаць арганізацыі гэтага канцэрта, хто запрасіў на свята кампанію «Будзьма», -- распавёў Каралеў.

Арганізатары не выключаюць, што мерапрыемствам зацікавіліся спецслужбы.

Апошнія навіны