BE RU EN

Забароненыя афішы да спектакля Пінігіна пра «двухмоўе»

  • 5.03.2010, 8:33

Прэм'ерныя паказы спектакля «Translations» («Пераклады») у Купалаўскім тэатры застаўся без афішаў, на якіх была намаляваная дзяўчына з залепленым ротам.

У падземным пераходзе на станцыі метро «Кастрычніцкая» увесь рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы змяшчаецца на ружовым аркушы фармату А-4. Куды падзеліся заўважныя здалёк афішы з прэм'ернай пастаноўкі «Translations» - касірка не ведае. Кажа, што асабіста яна расклейваннем рэкламных плакатаў не займаецца:

«Не, таму што знялі. Мабыць, забаранілі...», - паведаміла касірка ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Аналагічная сітуацыя - у падземных пераходах ля ГУМа і на станцыі «Плошча Якуба Коласа», дзе шпарка ідзе гандаль канцэртнымі квіткамі. І хаця расклад спектакляў Купалаўскага тэатра тут ужо ў большым фармаце, аднак, дзяўчыны з залепленым ротам таксама няма.

У адміністрацыі тэатра нічога канкрэтнага пра гэта не сказалі - прынамсі, пісьмовых дакументаў дырэктарат не атрымліваў.

Аўтар тэатральнай афішы - вядомы беларускі мастак Уладзімір Цеслер. Ён здзіўлены, што да яго працы хтосьці праявіў такую пільную ўвагу:

«Мне ўжо людзі казалі: віселі афішы, а тут раптам няма. Але асабіста я наогул не бачу там нічога крамольнага. Хутчэй за ўсё, сітуацыя разгортвалася такім чынам. У спектаклі дзеля таго, каб паказаць, якім чынам у Ірландыі насаджаецца ангельская мова, артысты - жыхары Ірландыі - гавораць па-беларуску, а ангельцы размаўляюць па-расейску. І вось гэтая паралель, напэўна, з'явілася нейкім раздражняльнікам. Але, Божа ты мой, знайшлі праблему! Ну, а што зробіш?», - кажа мастак.

Першыя гледачы «Translations», сапраўды, адзначаюць актуальнасць сюжэтнай лініі п'есы ірландскага драматурга Брайна Фрыла для сучаснай Беларусі. Ірландыя, XIX стагоддзе. Жыхары невялікага пасёлка Бэйле Бэг жывуць у сваім свеце: сям'я, гаспадарка, каханне, сваркі і хрэсьбіны, невялікая школа. Але аднойчы ў вёску прыязджаюць ангельскія вайскоўцы - з мэтай ператварыць ірландскі Бэйле Бэг у ангельскі Бэлібэг. Сапраўды «Translations» - гэта гісторыя пра каланізацыю Ірландыі Англіяй, пра тое, як аднан мова выціскае другую. На гэтым фоне - гісторыя кахання ангельскага салдата і ірландскай дзяўчыны, якія размаўляюць на розных мовах і не могуць паразумецца. І толькі моцай сапраўднага кахання пераадольваюць моўныя бар'еры.

Каго канкрэтна спектакль насцярожыў у высокіх кабінетах - можна толькі здагадвацца. Былі падазрэнні, што да рашэння забараніць візуальную рэкламу пастаноўкі мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна прыклаў руку Грамадскі савет па маральнасці пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, які нядаўна спрабаваў забараніць канцэрт у Менску культавага нямецкага гурта «Рамштайн». Сам адстаўны міліцэйскі генерал учора прымаў удзел у святочных мерапрыемствах з нагоды Дня міліцыі, але яго калега па савеце Аляксандр Мядзведзь кажа, што не памятае, каб на нейкім паседжанні разглядаўся змест тэатральных афішаў. Праўда, у любым выпадку меркаванне арганізацыі мае рэкамендацыйны характар і высновы яе экспертаў можна прымаць хіба што да ведама.

На фота: Злева - плакат Уладзіміра Цеслера, справа - такія постэры распаўсюджваліся ў Польшчы ў знак пратэсту супраць пераследу ў Беларусі незалежных журналістаў.

Апошнія навіны