BE RU EN

На беларуска-украінскай мяжы турысты напалі на памежніка

  • 5.03.2010, 10:35

Здарэнне адбылося на ўкраіна-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Самары» Валынскай вобласці.

Падчас праходжання мяжы чатыры турысты напалі на інспектара-памежніка. Пры праверцы дакументаў трое братоў-украінцаў і 19-гадовы кіроўца-беларус, якія былі з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап'янення, пачалі абражаць інспектара нецэнзурнай лаянкай, пагражаць яму, а напрыканцы адштурхнулі ад машыны і паехалі далей.

Незадоўга да гэтага машыну спыніў для праверкі дакументаў участковы інспектар памежнай службы, аднак парушальнікі адмовіліся даць неабходныя паперы. Парушальнікі на Audi-100 з рэгістрацыйнымі нумарамі суседняй дзяржавы ехалі ў Беларусь, паведамляе ZAXID.NET.

«У той час, калі для пошуку ўцекачоў паднялі рэзерв памежнага падраздзялення і паінфармавалі пра іх іншыя праваахоўныя органы, парушальнікі самі прыехалі ў пункт пропуску. Адтуль іх даставілі ў аддзел памежнай службы, а пасля ў суд, які павінен вызначыць меру пакарання за непадпарадкаванне праваахоўнікам», - паведаміў начальнік прэс-службы Луцкага памежнага атрада Алег Лічкоўскі.

Кіраўнік прэс-службы дадаў, што рашэннем начальніка Луцкага памежнага атрада кіроўцу Audi, грамадзяніну Беларусі, на наступныя пяць гадоў забаронены ўезд на тэрыторыю Украіны.

Апошнія навіны