BE RU EN

Румынія размесціць на сваёй тэрыторыі 24 ракеты сістэмы СРА ЗША

  • 5.03.2010, 15:50

Вашынгтон пацвердзіў планы размяшчэння ракет у Румыніі, удакладніўшы пры гэтым, што яны скіраваны супраць «магчымай пагрозы» з боку Ірана.

Румынія размесціць на сваёй тэрыторыі тры батарэі новай амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны (СРА) з 24 пускавымі ўстаноўкамі. Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на заяву румынскага прэзідэнта Траяна Бэсэску.

«Гэта не сакрэт. Будзе (размешчана) тры батарэі па восем пускавых установак у кожнай», - цытуе агенцтва словы Бэсэску.

Румынскі лідэр таксама заявіў, што Бухарэст гатовы размясціць у сябе «наземныя ракеты-перахопнікі сярэдняй далёкасці, якія будуць знаходзіцца ў стане боегатоўнасці да 2015 года».

Раней, у канцы лютага, міністр замежных спраў Румыніі Тэадор Баконшы заявіў, што яго краіна вядзе перамовы з ЗША аб размяшчэнні на сваёй тэрыторыі 20 ракет-перахопнікаў.

Нагадаем, прэзідэнт Румыніі Траян Бэсэску абвясціў пра згоду размясціць на тэрыторыі краіны ракеты-перахопнікі, прадугледжаныя новай сістэмай СРА ЗША, 4 лютага. Вашынгтон пацвердзіў планы размяшчэння ракет у Румыніі, удакладніўшы пры гэтым, што яны скіраваны супраць «магчымай пагрозы» з боку Ірана.

На намер ЗША негатыўна адрэагавала Расея, якая ў дадзены момант вядзе з амерыканцамі перамовы аб заключэнні дамовы аб далейшым скарачэнні наступальных ядзерных арсеналаў.

Апошнія навіны