Расейская мытня адказала на прэтэнзіі Беларусі па нафце
- 5.03.2010, 15:57
Пасля абвінавачванняў Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі расейскі бок агучыў сваё разуменне умоў паставак «чорнага золата».
Федэральная мытная служба (ФМС) Расеі адказала на прэтэнзіі Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Беларусі, што тычацца паставак і перапрацоўкі расейскай нафты і нафтапрадуктаў. Як нагадвае БелаПАН, 4 сакавіка ДМК абвінаваціў расейскі бок ва ўхіленні ад перамоў па пытаннях спрашчэння працэдур перамяшчэння бяспошліннай нафты і нафтапрадуктаў па давальніцкіх схемах.
Прэс-служба ДМК паведаміла, што ў адпаведнасці з беларуска-расейскім міжурадавым пагадненнем камітэтам праведзены перамовы з ФМС РФ і прапанаваны «канкрэтныя варыянты спрашчэння працэдур перамяшчэння нафты і нафтапрадуктаў па давальніцкіх схемах».
Аднак «Федэральная мытная служба Расейскай Федэрацыі, спасылаючыся на адсутнасць прамых указанняў і на тое, што адказнымі за рэалізацыю пагаднення паміж урадамі Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў вызначаны Мінэнерга і Мінэканамразвіцця, ухілілася ад правядзення перамоў па гэтым пытанні».
Такую сітуацыю адносна паставак бяспошліннай нафты ў беларускім мытным ведамстве расцанілі як невыкананне расійскім бокам узятых на сябе абавязацельстваў.
Каментуючы паведамленне ДМК, у прэс-службе ФМС РФ заявілі, што «зараз расейскім бокам праводзіцца актыўная прапрацоўка прапаноў беларускага боку па працэдуры перапрацоўкі расейскай нафты на беларускіх НПЗ».
«ФМС працягвае працу па цэнтралізацыі мытнага афармлення і мытнага кантролю энерганосьбітаў у частцы абмежавання месцаў дэкларавання нафты і нафтапрадуктаў, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ўсімі відамі транспарту, а таксама па абмежаванні кампетэнцыі мытных органаў у дачыненні да асобных відаў энерганосьбітаў і перадачы паўнамоцтваў па іх мытным афармленні і кантролі ў спецыялізаваны мытны орган - Цэнтральную энергетычную мытню (ЦЭМ)», - паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Расейскім бокам таксама падрыхтаваны праект загада «Аб месцах дэкларавання асобных відаў тавараў», якім, у прыватнасці, «прадугледжана абмежаванне месцаў дэкларавання сырой нафты, што вывозіцца з мытнай тэрыторыі Расіі ў мытным рэжыме перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй, а таксама прадуктаў яе перапрацоўкі, што ўвозяцца ў Расейскую Федэрацыю, мытнымі пастамі ЦЭМ».