BE RU EN

Люксавыя рэстараны стануць яшчэ больш дарагімі

  • 5.03.2010, 16:32

Аляксандр Лукашэнка дазволіў «адпусціць» цэны ў дарагіх рэстаранах і кавярнях краіны.

Указ аб адмене дзяржаўнага рэгулявання цэн у прадпрыемствах грамадскага харчавання катэгорый «люкс», «вышэйшая» і «першая» ён падпісаў 1 сакавіка, паведамляе «Тэлеграф».

Указ прадугледжвае, што дзяржава па-ранейшаму будзе рэгуляваць цэны ў аб'ектах грамадскага харчавання другой і трэцяй нацэначнай катэгорыі, то бок, да прыкладу, у школьных і студэнцкіх сталовых.

У прэс-службе беларускага кіраўніка падкрэслілі, што гэты ўказ быў падрыхтаваны для таго, каб стымуляваць развіццё рестараннага бізнесу і спрасціць працу рэстаранаў і кавярняў.

Зараз у Беларусі працуе звыш 11 тысяч прадпрыемстваў грамадскага харчавання, у тым ліку каля 5,5 тысячы - агульнадаступных. Да катэгорыі «люкс» і «вышэйшая» адносіцца 57 аб'ектаў, да «першай» - 1413.

Увосень 2009 года міністэрства эканомікі Беларусі вырашыла адмовіцца ад дзяржрэгулявання рознічных цэн на ўсе тавары, за выключэннем 50 сацыяльна значных, у тым ліку хлеба, цыбулі, бульбы, свініны, ялавічыны і лекаў. Да гэтага беларускія ўлады рэгулявалі кошты, усталёўваючы максімальныя гандлёвыя надбаўкі на ўзроўні 30-60 адсоткаў ад кошту тавару ў вытворцаў.

Апошнія навіны