BE RU EN

Шапіра пазбавіцца крэсла міністра, калі не вырасціць лён

  • 5.03.2010, 17:35

Беларускі правіцель 5 сакавіка наведаў Аршанскі льнокамбінат, раскрытыкаваў вытворчасць, міністра сельскай гаспадаркі і распавёў, як правільна вырошчваць лён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў рэзкую незадаволенасць працай беларускіх ільнозаводаў. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння на нарадзе па развіццю льняной галіны ў Оршы, паведамляе БелТА.

«У мяне такое ўражанне, што вы самі сёння не ўяўляеце толкам, што трэба рабіць з галіной, - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да членаў урада і кіраўнікоў прадпрыемстваў. - Вы не правялі даследаванні рынку. У вас няма цэласнага ўяўлення аб тым, як трэба мадэрнізаваць галіну».

Беларускі правіцель заявіў пра вялікія залежы гатовай прадукцыі на складах. «Гэта ж дзесяткі мільярдаў рублёў гадамі замарожаны ў нерэалізаваных тканінах, - абурыўся ён. - Так адбываецца, таму што вы вырабляеце неканкурэнтаздольную прадукцыю, якая не задавольвае спажыўцоў ні па якасці, ні па памерах, ні па расфарбоўцы». Паводле слоў Лукашэнкі, тэхнічнае пераўзбраенне льнокамбіната кропкавае: «Нешта паднавілі, нешта падлаталі, а эфектыўнай тэхналагічнай палітыкі няма».

«Я ўжо не кажу пра кіраўніка канцэрна. Вы спачатку гэтак бойка хацелі мне расказаць пра нейкія дасягненні... Але чым далей мы з вамі праходзілі па камбінаце, тым больш маўклівым вы станавіліся», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Вы, напэўна, мяне прывезлі, каб паказаць, як вы прыгожа працуеце, але калі мы пайшлі па закутках - дык мы выявілі «каменны век», - дадаў ён.

Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў умовы працы, у якіх працуюць людзі на прадпрыемстве. «Ні адна з вашых жонак не працавала б у такіх умовах. Ваш найпершы абавязак - гэта датычыцца кіраўніка канцэрна і кіраўніка прадпрыемства - неадкладна, на працягу 2-3 месяцаў стварыць нармальныя ўмовы для людзей там, дзе ім сёння дыхаць няма чым - яны дыхаюць пакуллем, смеццем, хламам, пылам», - падкрэсліў правіцель.

Лукашэнка запатрабаваў выкараніць парушэнні тэхналогіі вырошчвання лёну ў краіне.

«З-за нізкай якасці сыравіны доля найбольш каштоўнага доўгага валакна складае ўсяго каля 20%, - сказаў ён. - І ўсё таму, што паўсюдна парушаецца тэхналогія вырошчвання лёну. Акрамя таго ў нас няма механізму, які стымулюе гаспадаркі аддаваць ільнопрыдатныя глебы спецыялізаваным атрадам прадпрыемстваў».

«Возьмем пачатковае звяно цыкла - вытворчасць трасты. У нас гэтым займаюцца 208 ільнасеяльных гаспадарак, а таксама 49 ільнозаводаў. Здавалася б, такой колькасці пад сілу выконваць гадавыя заданні па зборы і выпрацоўцы льновалакна. Аднак за 5 гадоў мы не выраблялі больш за 40 тыс. т валакна пры плане 60 тыс. т», - сказаў кіраўнік.

Звяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі Сямёна Шапіры, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Калі не вырасціш і не паставіш нармальную сыравіну для прадпрыемстваў - са мной працаваць не будзеш... Што за праблема атрымаць нармальную трасту, на такім узроўні якасці, як у Францыі і Бельгіі, каб атрымаць хоць бы 60 тыс. т валакна ў год». Лукашэнка даручыў Мінсельгасхарчу жорстка вытрымаць тэрміны сяўбы лёну - 10 дзён.

Апошнія навіны