«Гэта ж трэба так баяцца народа…»
- 8.03.2010, 17:35
Жыхары Оршы дагэтуль адыходзяць ад пятнічнага візіту Аляксандра Лукашэнкі на мясцовы ільнокамбінат.
Напрацягу дня ад цэнтральнай часткі горада былі адрэзаныя цэлыя мікрараёны, сотні чалавек не маглі своечасова патрапіць на працу і дадому, а паляўнічыя на пэўны час былі пазбаўленыя сваіх стрэльбаў, паведамляе «Радыё Свабода».
За дзень да лукашэнкаўскай інспэкцыі найбуйнейшага прадпрыемства рэгіёна ў горад пачалі сцягвацца міліцыянты і людзі ў цывільным. Як кажа былы працаўнік ільнокамбіната Сяргей Каспяровіч, першымі пад нагляд службы аховы прэзідэнта патрапілі ўладальнікі зарэгістраванай зброі:
«Яшчэ за некалькі дзён да візіту пазабіралі ў людзей паляўнічыя стрэльбы. У мяне адзін прыяцель ёсць, які 37 гадоў займаецца паляваннем, яго ўвесь горад ведае, дык нават у яго стрэльбу забралі. У мэтах «прафілактыкі». А ўсё таму, што жыве на праспекце Тэкстыльшчыкаў, які ўпіраецца ў Палац культуры ільнокамбіната. Відаць, небяспечная блізкасць. Пакуль стрэльбы не аддалі, ён не ведае нават, калі і чакаць назад», - - распавёў жыхар Оршы.
Каспяровіч таксама дадае, што своечасова трапіць з аднаго месца горада ў іншае было амаль немагчыма. Практычна ў аблозе аказаліся тыя, хто жыве непасрэдна ў раёне ільнокамбіната.
«Міліцыянты стаялі на кожным кроку. Асабліва быў «акупаваны» людзьмі ў пагонах раён льнокамбінату -- ад плошчы да жылых дамоў далей. Гэты квадрат у літаральным сэнсе аказаўся зонай, забароннай для перамяшчэння -- ні праехаць, ні прайсці» - кажа Каспяровіч.
Тацяна Круцько цягам дня таксама ня мела ніякай магчымасьці даехаць дадому, які стаіць на праспекце Тэкстыльшчыкаў -- іншых абыходных шляхоў на гэтым маршруце няма. Паводле яе словаў, быў перакрыты нават мост праз Дняпро, якім можна трапіць ад льнокамбінату да жылога раёна:
«Цалкам перакрылі мост на мікрараён: паралізавалі рух цалкам, нельга было праехаць. Машыны стаялі,а потым вымушаныя былі аб’яжджаць перашкоду з іншага боку горада, а гэта кіламэтраў дзесяць, калі не болей. Таксама была перакрытая плошча, цэлы дзень я не магла дадому даехаць – прыкладна ад 11 да 18 гадзінаў. Дашнікі, міліцыя стаялі, усіх разварочвалі, нікога нікуды не пускалі, ні на якія ўгаворы не рэагавалі», - распавяла жанчына.
Па словах Сяргея Каспяровіча, і сам паход Аляксандра Лукашэнкі па цэхах ільнокамбінату наўрад ці можна назваць паўнавартасным. Прыкладам, ён так і не зазірнуў у цэх першаснай апрацоўкі ільну, дзе людзі працуюць у «пячорных умовах»:
«Гэта так званая першая чарга, дзе сыравіну перапрацоўваюць на мешкавіну – гэта самы першы цыкл апрацоўкі. Што там творыцца – не перадаць словамі. Там з-за пылу не бачна ўвогуле нічога! Калі я яшчэ там працаваў, хадзіць без працягнутай рукі было немагчыма – нічога не відаць! А людзі вымушаныя працаваць проста ў нечалавечых умовах…», - кажа працоўны.
Зрэшты, стан падвышанай нервознасці суправаджае любое наведванне Аляксандрам Лукашэнкам як сталічных установаў, так і прадпрыемстваў у рэгіёнах. Пры тым, што Лукашэнка ўжо паўтары дзясяткі гадоў называе сябе выключна «народным прэзыдэнтам», ступень дыскамфорту ад надзвычайных захадаў крыху здзіўляе: як выказаўся адзін з аршанцаў, «гэта ж як трэба любіць свой народ, каб гэтак яго баяцца…».