BE RU EN

Гуляка нават не ведае, што ўзначальвае камісію па Саюзу палякаў

  • 9.03.2010, 15:37

Беларускі бок не проста не гатовы абмяркоўваць з Польшчай канфлікт вакол Саюза палякаў, але нават не ведае, хто мусіць весці перамовы.

Першае паседжанне беларуска-польскай камісіі па вырашэнні канфлікту вакол Саюза палякаў перанесена на нявызначаны тэрмін. Як нагадвае «Еўрарадыё», яно мусіла адбыцца 9 сакавіка.

Польскі бок заяўляе пра сваю гатоўнасць у працы камісіі. А беларускія чыноўнікі дагэтуль губляюцца ў здагадках, што гэта за камісія і як яна будзе працаваць.

Меркаваны кіраўнік беларускай часткі камісіі - Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Леанід Гуляка - аб сваім новым прызначэнні нічога не ведае. Пра гэта паведаміў яго намеснік Уладзімір Ламека.

«Мы нічога не ведаем аб гэтай камісіі. Я ўжо ў шэфа пытаўся, - сказаў Уладзімір Ламека. - Там спасылкі ўжо нават на тое, што беларускі бок Гуляка ўзначаліць павінен. Да нас па гэтай камісіі ніхто не звяртаўся. Вось пацвердзіў мне і Леанід Гуляка: кажа, што ніхто яго пакуль што ў ніякія камісіі не ўпаўнаважваў. Калі ўпаўнаважаць, то будзе, але афіцыйна пакуль што нічога не атрымліваў. І мы ў апараце не ведаем пакуль што, які статус у гэтай камісіі і як яна будзе працаваць».

Нагадаем, што рашэнне аб стварэнні двухбаковай камісіі па вырашэнню канфлікту вакол польскай меншасці ў Беларусі было ўхвалена падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага яшчэ 25 лютага ў Кіеве.

Апошнія навіны