За ўдзел у акцыі ў Дзень Волі кандыдата знялі з «выбараў»
- 14.04.2010, 16:24
Кандыдату ў дэпутаты Рудаўскага сельсавета ад «Маладой Беларусі» Настассі Азарцы ў выбарчай камісіі паведамілі, што яна знятая з «выбараў».
Пра гэта «Еўрарадыё» распавёў кіраўнік руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч.
«Прычынай зняцця з выбараў Настассі Азаркі стаў яе ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Менску 25 сакавіка. Сказалі, што паколькі яна ішла па недазволеным маршруце, то яе здымаюць з «выбараў». Пры гэтым у камісіі не захацелі даць афіцыйную паперу, дзе тлумачыліся б прычыны зняцця Настассі з выбараў», - распавёў Фінькевіч.
Таксама стала вядома, што кіраўніцтва Гарадзейскага льназаводу, дзе працуе Настасся Азарка, шукае падставы, каб не працягнуць з ёй працоўны кантракт.