Агітацыя «па-панску»
- 16.04.2010, 12:50
Праўладныя кандыдаты ў дэпутаты на ўсю моц карыстаюцца адміністрацыйным рэсурсам.
Пра гэта даведаўся кандыдат у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў ад Партыі БНФ па Хоцімскай выбарчай акрузе № 54 Валеры Каранкевіч.
- 8 красавіка, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, разам з кіроўцам на службовай машыне кандыдат у дэпутаты па Хоцімскай выбарчай акрузе № 54 Іван Кажэмяка, які займае пасаду начальніка інспекцыі па падатках і зборах Магілёўскай вобласці, правёў пяць сустрэчаў з выбаршчыкамі, пасля чаго зайшоў у райвыканкам, дзе адзначыў сваю камандзіроўку, - распавядае Валеры Каранкевіч сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Каранкевічу, паводле яго словаў, дакладна вядома, што І. Кажэмяка сустрэўся ў актавай зале райвыканкама з супрацоўнікамі Хоцімскага райвыканкама, правёў свае сустрэчы з выбаршчыкамі ў сярэдніх школах № 1 і № 2 падчас навучальнага працэсу, у Трасцінскім сельскім Савеце і Хоцімскім інтэрнаце для неўралагічных хворых.
- Я прапаноўваў акруговай выбарчай камісіі, каб на ўсе такія мерапрыемствы запрашаліся ўсе прэтэндэнты ў дэпутаты. Але вось яно як атрымліваецца: спадар Кажэмяка адмовіўся праводзіць са мной такія сумесныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Гэта проста нахабства, з якім немагчыма мірыцца, - абураецца Валеры Каранкевіч.
З гэтай нагоды кандыдат у дэпутаты 15 красавіка падаў скаргі ў акруговую і абласную выбарчыя камісіі і Пракуратуру Магілёўскай вобласці.