Польшча развітваецца з загінулымі ў авіякатастрофе пад Катынню
- 17.04.2010, 9:36
Жалобная цырымонія развітання з загінулымі ў авіякатастрофе пад Смаленскам пройдзе ў суботу ў Варшаве на плошчы Юзэфа Пілсудскага.
Польскі ўрадавы самалёт разбіўся раніцай 10 красавіка пад Смаленскам. Афіцыйная дэлегацыя Польшчы на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім ляцела ў Катынь для ўдзелу ў мемарыяльных мерапрыемствах. Усяго на борце знаходзіліся 96 чалавек - 88 пасажыраў і восем членаў экіпажа. Не выжыў ніхто.
На плошчы Пілсудскага збудаваны спецыяльны подыюм, у цэнтры якога знаходзіцца крыж. За крыжам размешчаныя 96 фотаздымкаў ахвяраў авіякатастрофы. Паўсюль жывыя кветкі, перадае NEWSru.com.
Галоўная жалобная цырымонія пачнецца ў суботу ў 12:00 па мясцовым часе (13:00 па Менску). Прынятае рашэнне не выстаўляць на плошчы Пілсудскага труны загінулых, таму што яшчэ не ўсе целы апазналі ў Маскве - пакуль у Польшчу дастаўленыя целы 75 чалавек з 96 загінулых у авіякатастрофе.
У 13:00 пачнецца набажэнства, у якім, як чакаецца, прыме ўдзел прадстаўнік Папы Рымскага Бенедыкта Шаснаццатага кардынал Ангела Садана. Пакуль невядома, ці зможа Садана дабрацца з Рыма ў Варшаву, паколькі паветраная прастора над Польшчай закрытая з-за воблака вулканічнага попелу, якое ўзнікла ў выніку вывяржэнне вулкана Эйяф’ятлаёкудль у Ісландыі.
Паводле ацэнак гарадскіх уладаў, у суботу на плошчы Пілсудскага ў Варшаве збярэцца каля мільёна чалавек.
Да 16:30 будзе адкрыты доступ у прэзідэнцкі палац, дзе ў Калоннай зале знаходзяцца труны з целамі прэзідэнта Польшчы Качыньскага і яго жонкі Марыі.
У 18:00 труны прэзідэнцкай пары будуць дастаўленыя ў кафедральны сабор Святога Яна (Іаана) у Варшаве, тут таксама адбудзецца жалобнае набажэнства пад кіраўніцтвам мітрапаліта Варшаўскага арцыбіскупа Казімежа Ныча.
У крыпце кафедральнага сабора Святога Яна спачываюць знакамітыя палякі і нацыянальныя героі. Тут пахаваныя вялікі піяніст і кампазітар, прэм'ер-міністр Польшчы ў 1919 годзе Ігнаці Падзерэўскі, першы прэзідэнт Польшчы Габрыэль Нарутовіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Генрык Сянкевіч. Тут жа пахаваны князі Мазавецкі і апошні кароль Польшчы - Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Труны з целамі прэзідэнта Польшчы і яго жонкі застануцца ў кафедральным саборы да раніцы нядзелі. Пахаванне Леха і Марыі Качыньскіх пройдзе ў нядзелю, 18 красавіка, у старажытнай сталіцы Польшчы - Кракаве - на замку Вавель.
Замежныя дэлегацыі не будуць удзельнічаць сёння ў жалобных мерапрыемствах на плошчы Пілсудскага, а прыляцяць у нядзелю проста ў Кракаў, дзе адбудзецца пахаванне Леха і Марыі Качыньскіх. Паводле МЗС Польшчы, усяго ў Кракаў на пахаванне прыбудуць прадстаўнікі 98 дзяржаваў.
Барак Абама адпраўляецца ў суботу ўвечары (у ноч на нядзелю па маскоўскім часе) у Кракаў для ўдзелу ў цырымоніі пахавання загінулага у авіякатастрофе прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага.
«У суботу ўвечары прэзідэнт адпраўляецца ў Кракаў, дзе прыме ўдзел у цырымоніі дзяржаўнага пахавання Леха Качыньскага і першай ледзі Марыі Качыньскай. Пахаванне будзе транслявацца мясцовым тэлебачаннем. Абама вернецца ў Вашынгтон у панядзелак раніцай», - кажацца ў паведамленні прэс-службы Белага дома.