BE RU EN

У Бабруйску збіты міліцыяй незалежны кандыдат у дэпутаты

  • 19.04.2010, 16:18

Кандыдат у дэпутаты з Бабруйска Яўген Васьковіч быў збіты за бел-чырвона-белы сцяг.

Яўген Васьковіч, які балатуецца ў Бабруйскі гарсавет ад партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», у нядзелю 18 красавіка прыйшоў на хакейны матч ЗША-Беларусь і разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Прыкладна праз сем хвілін да яго падышлі міліцыянты, скруцілі рукі і вывелі з залі. Як паведамляе сайт партыі bchd.info, пакуль кандыдата ў дэпутаты цягнулі, яго моцна білі па нырках.

«Так, каб было немагчыма потым зняць пабоі, - распавёў Яўген Васьковіч. - Аднак зачапілі ўсё ж такі абуткам па назе, таму сёння я збіраюся здымаць пабоі».

Журналіста даставілі ў пастарунак, дзе без панятых абшукалі і склалі пратакол, дзе запісалі, што Васьковіч «парушаў грамадзкі парадак падчас матчу, перашкаджаў грамадзянам, буяніў і выкарыстоўваў забароненую сімволіку». Затым запрасілі ў якасці панятых двух дзяўчат, якія, не чытаючы, падпісалі пратакол. Ноч кандыдат ад БХД правёў у пастарунку міліцыі.

Раніцай 19 красавіка ў 11 гадзін адбыўся суд. Паколькі Васьковіч паказаў у пратаколе, што не буяніў, суддзя прыпыніла судовы разгляд да тых часоў, пакуль не знойдуцца тыя грамадзяне, якім ён перашкаджаў глядзець матч.

Пасля гэтага Яўгена Васьковіча адпусцілі. Цяпер ён складае скаргу пракурору горада на дзеянні міліцыянтаў.

Апошнія навіны