BE RU EN

Улады змагаюцца з самвыдатам

  • 20.04.2010, 14:04

Незалежны кандыдат з Бешанковічаў Георгій Станкевіч заяўляе, што на яго аказваецца ціск перад «выбарамі».

Самвыдат газету «Крывінка» актывіст з Бешанковіцкага раёна выдае ўжо 5 гадоў. І толькі напярэдадні гэтых выбараў, калі сельскі настаўнік Георгій Станкевіч выказаў жаданне балатавацца ў райсавет, да яго з'явіліся прэтэнзіі як да распаўсюджвальніка выдання, паведамляе «Радыё Свабода».

Суддзя Бешанковіцкага райсуду Вольга Белавус прызнала віну Станкевіча, пагадзіўшыся з міліцэйскім пратаколам, складзеным 8 красавіка.

Тады супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дадому да настаўніка і заявілі, што ён не мае права распаўсюджваць самвыдатаўскую газету паводле апошніх паправак, унесеных у Закон «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі».

Суддзя прызнала Георгія Станкевіча вінаватым паводле артыкула 22.9 гэтага закона. Артыкул тычыцца парушэнняў, як у распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, так і ў выданні друкаваных СМІ.

У сваім выступе перад суддзёй Вольгай Белавус і аднадумцамі Георгій Станкевіч заявіў:

«Я прыняў рашэнне быць распаўсюднікам газеты і маю на гэта законныя падставы. Калі закон аб СМІ некарэктны, неадназначны, то гэта праблема яго складальнікаў. Пры магчымасці разумець норму закона неадназначна, я лічу, што карыстацца ім трэба ў карысць грамадзяніна.

І не трэба ствараць прэцэдэнт для купкі уладаў, якая пажадала пакараць Георгія Станкевіча. Такое пакаранне толькі знізіць рэйтынг Беларусі ў свеце, паколькі будзе супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі ў забеспячэнні палітычных правоў - правоў на свабоду слова. І будзе супярэчыць нормам Канстытуцыі, якія гарантуюць мне, грамадзяніну Беларусі, магчымасць атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю».

Судздзя аргументы Георгія Станкевіча пад увагу не прыняла і пастанавіла пакараць яго штрафам у 20 базавых велічынь. Гэта мінімальны штраф, прадугледжаны названым артыкулам. Але 700 тысяч - гэта занадта вялікія грошы для вясковага настаўніка, які, акрамя сваёй асноўнай працы, яшчэ вымушаны трымаць трох кароў, каб утрымліваць сям'ю.

Пра тое, як яму даводзіцца выжываць на мяжы галечы, а таксама аб тым, што мясцовых выбараў у Беларусі, па сутнасці, няма, бо 31 з 34 акругаў у Бешанковіцкім раёне - безальтэрнатыўныя, Георгій Станкевіч збіраўся сказаць і ў сваім радыёвыступе перад выбаршчыкамі.

Аднак 2 красавіка ён атрымаў папярэджанне ад раённай выбарчай камісіі за нібыта некарэктныя выказванні ў адрас дзеючых дэпутатаў райсавета. Выступленне трансляваць не дазволілі. Спроба аспрэчыць папярэджанне станоўчага выніку не прынесла: абласная выбарчая камісія таксама прызнала папярэджанне правільным.

Георгій Станкевіч мае намер абскардзіць рашэнне Бешанковіцкага суда ў абласным судзе Віцебска.

Апошнія навіны