Набыў сілу закон аб абавязковай дактыласкапіі
- 21.04.2010, 9:14
Зараз дактыласкапаванне становіцца абавязковым для ўсіх ваеннаабавязаных грамадзянаў Беларусі.
Як паведамляе агенцтва БелаПАН, 21 красавіка набыў сілу закон «Аб ўнясенні зменаў і дадаткаў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі».
Раней гэтую працэдуру ў абавязковым парадку павінны былі праходзіць толькі шэраг катэгорыяў грамадзянаў, астатнія маглі зрабіць гэта добраахвотна.
17 снежня 2009 года, прадстаўляючы ў «савеце рэспублікі» гэты законапраект, першы намеснік кіраўінка МУС Алег Пякарскі заявіў, што пашырэнне кола суб'ектаў абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі дазволіць павялічыць эфектыўнасць дзейнасці праваахоўных органаў у сферы забеспячэння грамадскай бяспекі.
Нагадаем, масавае дактыласкапаванне жыхароў Беларусі пачалося пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску на святкаванні Дня Незалежнасці. Спачатку беларускія спецслужбы не прыдумалі нічога лепшага, як распачаць дактыласкапію ўсіх, хто прысутнічаў на святочным мерапрыемстве і знаходзіўся ў раёне выбуху на падставе дадзеных мабільных аператараў. Затым зняццё адбіткаў пальцаў у грамадзянаў пачалося па ўсёй краіне.