BE RU EN

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы прызначаныя на 20 чэрвеня

  • 21.04.2010, 10:28

Указ аб гэтым падпісаў сёння з самай раніцы выканаўца абавязкаў кіраўніка польскай дзяржавы, маршалак Сейма Браніслаў Камароўскі.

Пра гэта паведаміў яго прэс-сакратар Ежы Смалінскі.

Калі ніводны з кандыдатаў не набярэ ў першым туры звыш за 50% галасоў, другі тур выбараў пройдзе 4 ліпеня гэтага года.

Выбарчыя штабы кандыдатаў павінны зарэгістравацца ў дзяржаўнай выбарчай камісіі да 26 красавіка. Кожны штаб пры рэгістрацыі павінен падаць подпісы 1 тыс. чалавек, якія падтрымліваюць гэтага кандыдата.

Пасля першаснай рэгістрацыі кожны штаб будзе мець час да 6 траўня, каб набраць неабходныя па законе подпісы 100 тыс. выбаршчыкаў. Толькі пасля гэтага прэтэндэнт атрымае афіцыйны статус «кандыдата ў прэзідэнты» Польшчы.

Правядзенне датэрміновых выбараў звязанае з гібеллю кіраўніка дзяржавы Леха Качыньскага ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

У лік магчымых кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду ўваходзяць Браніслаў Камароўскі, кансерватар Януш Корвін-Міке, цэнтрыст Томаш Наленч і незалежны кандыдат Анджэй Алехоўскі. Раней у прэсе таксама з'яўляліся меркаванні, што партыя «Права і справядлівасць» можа вылучыць у якасці кандыдата брата-блізніца загінулага прэзідэнта Яраслава Качыньскага. Паводле іншых звестак, кандыдатам ад партыі можа стаць былы міністр юстыцыі Збігнеў Зебра.

Апошнія навіны