Які сцяг – такое і стаўленне
- 23.04.2010, 8:49
Афіцыйны сцяг тры дні правісеў зялёнай паласой дагары на ўчастку № 8 Свірыдаўскай выбарчай акругі Гомеля.
Пра гэта паведаміў БелаПАН актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Андрэй Аксёнаў, які з'яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Мікалая Калюкі.
Непаразуменне заўважыў адзін з выбаршчыкаў, пасля чаго чальцы камісіі павесілі дзяржаўны сцяг правільна. «Незразумела, ці то чальцы камісіі не ведаюць дзяржаўных сімвалаў, ці то лічаць не важным, як будзе вісець сімвал дзяржаўнасці», — сказаў Аксёнаў.
Раней ён неаднаразова звяртаў увагу уладаў Гомеля на тое, як размешчаныя афіцыйныя сцягі на будынках горада — і дагары зялёным полем, і з арнаментам з правага боку. Пасля скаргаў актывіста парушэнні ліквідаваліся.