МУС пачало распрацоўку найбуйнейшых банкаў
- 23.04.2010, 10:01
ГУБАЗ МУС Беларусі падазрае службовых асобаў ААТ «Белаграпрамбанк» і ААТ «АСБ «Беларусбанк» у буйных фінансавых махінацыях.
Як раней пісаў «Штодзённік», Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС выявіла буйныя фінансавыя махінацыі з дзяржаўнымі датацыямі, якія ажыццяўляюцца на самым высокім дзяржаўным узроўні.
Схема ўзнікла пасля таго, як у «Беларусбанка» і «Белаграпрамбанка» узніклі сур'ёзныя праблемы з вяртаннем крэдытаў, выдадзеных у межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005–2010 гады. У першую чаргу гаворка ідзе пра крэдыты, якія выдаваліся пад абнаўленне парку сельгастэхнікі беларускага аграпрамысловага комплексу. Калі крэдыты былі выдадзеныя, тэхніка закупленая, прэзідэнту дакладзена пра поспехі, узніклі рэальныя і вельмі сур'ёзныя праблемы з вяртаннем крэдытных сродкаў. Вось тады і была прыдуманая і рэалізаваная старая добрая схема перакрэдытоўкі: банкі пачалі выдаваць новыя крэдыты пад фіктыўныя закупкі збожжа, каб за кошт іх пагасіць старыя і тым самым палепшыць свае паказчыкі.
У прыватнасці, было выяўлена, што для рэалізацыі гэтай схемы былі распрацаваныя ўказы прэзідэнта №333 ад 13 чэрвеня 2008 года «Аб мерах па забеспячэнні закупкі сельскагаспадарчай сыравіны, ягадаў і грыбоў ураджаю 2008 года» і №386 ад 21 ліпеня 2009 года «Аб некаторых пытаннях дзейнасці арганізацыяў, якія здзяйсняюць закупку прадукцыі раслінаводства ўраджаю 2009 года і іншай прадукцыі і разлікі за яе» і праз пэўных службовых асобаў пралабіяванае іх прыняцце. Указы меркавалі выдачу ільготных крэдытаў прадпрыемствам АПК Беларусі. Дзяржава не толькі гарантавала іх вяртанне, але і гасіла частку адсоткаў па іх. Такім чынам банкі за кошт дзяржавы змаглі не толькі зняць праблемныя пытанні па крэдытах, але нават зарабіць за кошт дзяржавы.
Да нядаўняга часу ГУБАЗ МУС толькі выказваў здагадкі, што схема была рэалізаваная пры дапамозе службовых асобаў найбуйнейшых беларускіх банкаў і сяго-таго з цэнтральных органаў дзяржкіравання, якія хацелі схаваць узніклыя праблемы ад прэзідэнта Беларусі.
Галоўная інтрыга заключалася ў тым, ці пойдзе МУС далей. Самым простым выйсцем было пасадзіць кіраўнікоў прадпрыемстваў за злоўжыванні і выманьванне крэдытаў, атрымаць свае ўзнагароды за гэта і паспяхова забыцца пра гэтую справу. Аднак першыя вынікі расследавання паказалі, што кіраўнікі прадпрыемстваў былі пешкамі, якіх, па сутнасці, прымушалі браць крэдыты, каб пакрыць старыя. Прымушалі, зразумелая справа, банкіры. Але калі глядзець у корань праблемы, дык станавілася зразумела, што і банкіры дзейнічалі не па сваёй волі, бо не маглі самастойна пралабіяваць прыняцце двух указаў Лукашэнкі.
У гэтым нюансе і была галоўная праблема: калі пачынаць раскручваць фінансавыя махінацыі далей, дык за кіраўнікамі прадпрыемстваў пойдуць банкіры, за імі – нехта вышэй. Прозвішчы пакуль называць не будзем, але ў ГУБАЗ МУС яны ўжо вядомыя. Праўда, прамаўляюць іх амаль шэптам.
Тым часам, як атрымалася даведацца «Штодзённіку», на кіраўніках перапрацоўчых прадпрыемстваў ні ГУБАЗ МУС, ні Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю спыняцца не маюць намеру. У апошнім дакладзе, які падрыхтаваны на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея (кажуць, што для дакладу прэзідэнту), ужо фігуруе фармулёўка, што кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў, у дачыненні да якіх узбуджаныя крымінальныя справы, дзейнічалі «сумесна і па папярэдняй змове са службовымі асобамі ААТ «Белаграпрамбанк» і ААТ «АСБ Беларусбанк».
Згодна з дакладам, новыя крэдыты пад фіктыўныя закупкі атрымліваліся не толькі для пагашэння раней выдадзеных крэдытаў, але ў мэтах утойвання невыканання прадпрыемствамі асноўных мэтавых паказчыкаў па тэмпах росту аб'ёмаў вытворчасці і рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі. Канкрэтныя службовыя асобы банкаў пакуль не называюцца, таму што не ў іх справа. У сутнасці, ГУБАЗ МУС і ДФР КДК запрасілі дазвол на далейшыя «раскопкі» фінансавых махінацыяў. Калі дазвол будзе атрыманы, дык банкіры будуць тут толькі прамежкавым звяном.