Піва можна піць толькі за столікамі
- 23.04.2010, 11:31
Саўмін Беларусі вызначыў установы, у якіх можна піць піва і слабаалкагольныя напоі.
Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову №572, якой унёс змены і дадаткі ў пытанні рэгулявання рознічнага гандлю півам і слабаалкагольнымі напоямі. Рашэнне прынятае з мэтай вызначэння рознічных гандлёвых аб'ектаў, гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання, у якіх дапускаецца ўжыванне слабаалкагольных напояў і піва, паведамляе «Штодзённік».
Так, паводле рашэння ўрада, з гэтага часу распіццё піва і слабаалкагольных напояў будзе дазваляцца ў рознічных гандлёвых аб'ектах і гандлёвых аб'ектах грамадскага харчавання пры ажыццяўленні імі ў вызначаным парадку рознічнага гандлю півам і слабаалкагольнымі напоямі. Таксама піва і слабаалкагольныя напоі можна будзе ўжываць у рознічных гандлёвых аб'ектах (крама, павільён, кіёст, палатка і іншыя гандлёвыя аб'екты), у якіх створаныя ўмовы для ўжывання піва і слабаалкагольных напояў (сталы, сталы і крэслы, сталы для прыёму ежы стоячы, барныя стойкі і іншае абсталяванне), у гандлёвых аб'ектах грамадскага харчавання. Асобна піваварным кампаніям у вызначаным парадку дазволена ладзіць дэгустацыі піва ў маркетынгавых мэтах.
Акрамя таго, урадам Міністэрству гандлю дадзенае права растлумачваць пытанні вызначэння рознічных гандлёвых аб'ектаў, гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання, у якіх дапускаецца ўжыванне піва і слабаалкагольных напояў, у адпаведнасці з гэтай пастановай.