BE RU EN

Актывістаў БНФ і руху «За свабоду» не пусцілі ў дэпутаты

  • 26.04.2010, 12:21

Ніводны з прэтэндэнтаў ад Партыі БНФ і руху «За Свабоду» не стаў дэпутатам.

Пра гэта 26 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску паведамілі лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, перадае БелаПАН.

«Паводле папярэдніх дадзеных, ніводны кандыдат ад Партыі БНФ не патрапіў у мясцовыя саветы», — сказаў Янукевіч. Сам ён у якасці кандыдата ў дэпутаты па Галадзедаўскай выбарчай акрузе № 6 Менска набраў каля 15% галасоў.

Янукевіч заявіў, што выбары суправаджаліся масавымі парушэннямі. «Напрыклад, у Слоніме Іван Шэга, кандыдат ад партыі БНФ, перамог і па выніках, падлічаных са стацыянарных скрыняў на ўчастках, і па выніках галасавання дома. Гэта атрымалася дзякуючы таму, што яго назіральнік хадзіў з вынасной скрыняй разам з чальцамі камісіі. Але вынікі датэрміновага галасавання — 46 галасоў за Шэгу, 210 — за яго канкурэнта. Гэты разрыў нібыіта і забяспечыў перамогу яго канкурэнту», — сказаў лідэр Партыі БНФ.

Паводле яго словаў, у Менску па выбарчым участку № 9 чалец камісіі ад Партыі БНФ адмовіўся падпісваць пратакол вынікаў галасавання ў сувязі з відавочнымі парушэннямі. «Сёння будзе паседжанне раённай выбарчай камісіі, там у нас таксама ёсць свой прадстаўнік, і ён таксама плануе адмовіцца ад подпісу пратаколу», — адзначыў Янукевіч.

Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч таксама падкрэсліў, што падчас галасавання былі зафіксаваныя значныя факты парушэнняў выбарчага заканадаўства. «Я прывяду толькі адзін прыклад. У той схеме фальсіфікацыяў, якая існуе, не трэба нават падмяняць бюлетэні. Мне ўчора распавядаў гісторыю праваабаронца Хрыстафор Жэляпаў з Віцебску. Там па Першамайскім раёне ішла кандыдат ад руху «За Свабоду» Раіса Зарачанская. Як заўсёды, сядаюць чальцы камісіі, лічаць галасы, моўчкі, як на пахаванні, перадаюць аркушыкі з дадзенымі падліку старшыні камісіі, той таксама моўчкі адносіць гэтыя аркушыкі сакратару камісіі. Сакратар камісіі з калькулятарам робіць выгляд, што ён штосьці лічыць. Потым яны ідуць у асобны пакой, выходзяць з пратаколам і кажуць — вынікі такія. І нават былі выпадкі, што чальцы камісіі пасля заканчэння працы ішлі па дамах, не падпісаўшы выніковы пратакол вынікаў выбараў», — сказаў лідэр руху «За Свабоду».

«Фальсіфікацыяў мільён, — заявіў Мілінкевіч. — Але гэтымі фальсіфікацыямі ўлада падпісвае сабе смяротны прысуд, таму што людзі ўжо выдатна разумеюць, што адбываецца, і ўсё больш і больш адчуваюць бездань паміж імі і ўладай».

Апошнія навіны