Уступіў у сілу новы візавы кодэкс краінаў шэнгенскай зоны
- 5.04.2010, 8:43
З 5 красавіка гэтага года ў сілу ўступае новы візавы кодэкс, абавязковы для ўсіх краінаў - удзельніцаў Шэнгенскага пагаднення.
Яго мэтай з'яўляецца уніфікацыя працэдуры выдачы візаў незалежна ад таго, праз консульства якой краіны афармляецца віза.
Цяпер тэрмін разгляду заявак на выдачу Шэнгена будзе складаць 10 дзён. Акрамя таго, у выпадку адмовы ў выдачы візы краіна будзе абавязаная растлумачыць прычыну такога рашэння. Аднак у сувязі з тым, што шэрагу чальцоў ЕС для гэтага прыйдзецца ўнесці змены ў нацыянальнае заканадаўства, апошняе палажэнне будзе прымяняцца з 5 красавіка 2011 года.
Заўважце, што цяпер шэнгенская віза на тэрмін да 3 месяцаў будзе каштаваць 60 еўра для людзей ва ўзросце ад 12 гадоў, для дзяцей з 6 да 12 гадоў - 35 еўра. Коштавыя змены не закрануць Расеі, Украіны і шэрагу іншых дзяржаваў, якія маюць з Еўразвязам пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму.