BE RU EN

Дэмакратычныя партыі: Выбараў па-ранейшаму няма

  • 5.04.2010, 13:26

Інстытут выбараў у Беларусі знаходзіцца ў татальным крызісе, канстатуюць лідэры дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі.

«Выбараў у Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму няма. І, адпаведна, няма падставаў для прызнання бягучай выбарчай кампаніі адпаведнай стандартам свабодных і справядлівых выбараў» - з такой заявай, як паведамляе БелаПАН, выступілі лідэры дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі.

«Вынікі, якія ўлада абвесціць па выніках дня выбараў 25 красавіка 2010 года, не могуць лічыцца адлюстраваннем волі беларускіх выбаршчыкаў», - кажацца ў сумеснай заяве.

Яе аўтары адзначаюць, што дэмакратычныя партыі і грамадскія арганізацыі першапачаткова актыўна ўключыліся ў выбарчы працэс, вылучыўшы больш за тысячу прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Аднак у іх склад увайшлі не больш за 200 прадстаўнікоў апазіцыі, што складае 0,3% ад агульнай колькасці сябраў выбарчых камісіяў.

Акрамя таго, на этапе падрыхтоўкі да вылучэння кандыдатаў у дэпутаты апазіцыйнымі структурамі былі складзеныя спісы з 2,5 тысячаў патэнцыйных прэтэндэнтаў.

«Аднак замест абяцанай лібералізацыі ўлады працягнулі выкарыстоўваць тактыку запалохвання дэмакратычных актывістаў, сябраў іх камандаў, а таксама грамадзянаў, якія паставілі подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў, - кажацца ў дакуменце. - У выніку беспрэцэдэнтнага ціску, які ажыццяўлялі кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацыяў, навучальных установаў, супрацоўнікі мясцовых выканаўчых камітэтаў, праваахоўных органаў, падатковых, фінансавых і кантрольных службаў, толькі 700 актывістаў знайшлі ў сабе мужнасць працягнуць удзел у выбарчай кампаніі».

Падчас рэгістрацыі была адсеяная яшчэ трэць актывістаў. У выніку ўдзел у выбарах працягваюць менш за 500 чалавек, ці каля 2% ад агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў, адзначаецца ў заяве.

Такім чынам, робяць выснову прадстаўнікі апазіцыі, «цяперашняя выбарчая кампанія, па сутнасці, нічым прынцыпова не адрозніваецца ад папярэдніх, якія міжнародная супольнасць не прызнала свабоднымі і справядлівымі». «Інстытут выбараў у Беларусі знаходзіцца ў татальным крызісе. Вынікам поўнай дэградацыі выбарчай сістэмы стала фактычнае прызначэнне дэпутатаў», - кажацца ў заяве.

У мэтах выхаду з сітуацыі, якая склалася, прадстаўнікі апазыцыі ў чарговы раз прапануюць уладзе распачаць абмеркаванне прапановаў аб змене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.

Заява падпісалі лідэры 13 партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай партыі жанчынаў «Надзея», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ , Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду», а таксама аргкамітэтаў па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Руху за свабоднае развіццё прадпрымальніцтва, партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыі свабоды і прагрэсу, Партыі працоўных.

Апошнія навіны