BE RU EN

Першамай: Не змаглі сагнаць? (Фота)

  • 1.05.2010, 19:12

Дэманстрацыя праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі была самай нешматлікай за ўсе апошнія гады.

У Беларусі прайшлі акцыі ў сувязі з міжнародным святам працы - 1 траўня. Прадстаўнікі афіцыйных прафсаюзаў і дэмакратычных сілаў адзначалі Першамай паасобку.

Каля Нацыянальнай бібліятэкі праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правяла мітынг, у якім прынялі ўдзел усяго тысяча чалавек. У рэзалюцыі «выказаная падтрымка Аляксандру Лукашэнку» і крытыка ў адрас прэм'ера Сяргея Сідорскага, які «дрэнна выконвае ўказанні кіраўніка дзяржавы», паведамляе «Радыё Свабода».

На праўладным мітынгу было дазволена распіваць піва

Тым часам у Берасці супрацоўнікі АМАПу перагарадзілі дарогу мірнаму шэсцю членаў БСДП (Грамада), партыі «Справядлівы свет» і незалежных прафсаюзаў. Актывіст апазіцыі Ігар Маслоўскі заявіў, што правы ўдзельнікаў акцыі былі парушаныя:

«Ужо літаральна праз сто метраў мы былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі, яшчэ праз 300 метраў нас спынілі амапаўцы, і давялося прыбраць партыйныя сцягі. Тым не менш, мы працягнулі шэсце, дайшлі да перасячэння вуліц Леніна і Гогаля, і АМАП нам перагарадзіў дарогу, каб мы не змаглі прайсці на цэнтральную плошчу горада. І мы яшчэ праз 40 хвілін, у абыход, дайшлі да ўваходу ў цэнтральны парк «1 траўня». Нас не прапускалі ў парк, каб мы не пранеслі сваю сімволіку, сцяжкі. Нават калі мы раздавалі іх дзецям, міліцыя ў іх з рук вырывалі сцяжкі», - распавёў апазіцыянер.

У Салігорску незалежны прафсаюз гарнякоў ладзіў «маёўку», у якой прынялі ўдзел каля 300 чалавек. На акцыю быў запрошаны лідэр дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Ярашук.

«Салігорск - гэта рэспубліка свабоды. Незалежны прафсаюз гарнякоў налічвае 4700 сябраў. Гэта мерапрыемства, якое ладзіцца самімі рабочымі, таму што гэта не дзяржаўнае свята, улады толькі «прымазліся» да яго. Галоўнае, што ўсё гэта мерапрыемства і свята цалкам ачышчанае ад дзяржаўнай ідэалогіі», - заявіў Ярашук.

У Менску невялікае шэсце правялі нацыянал-бальшавікі, яны прайшлі па горадзе з партрэтамі Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна.

Апазіцыйныя камуністы - партыя «Справядлівы свет» - у Менску акцыю не праводзілі. «Для таго, каб правесці дэманстрацыю, неабходны дазвол уладаў, якога не даюць, зыходзячы з вопыту апошніх гадоў», - заявіў сакратар партыі Сяргей Вазняк.

Апошнія навіны