BE RU EN

Ваенны лётчык: На парадзе ў Менску маглі загінуць тысячы чалавек (Відэа)

  • 12.05.2010, 12:17

Ваенныя эксперты адзначаюць, што выступ самалётаў на парадзе 9 траўня ў Менску меў усе шанцы прывесці да трагедыі.

Каментар Міністэрства абароны пра відэа палёту над Менскам чацвёркі Су-24, якое з'явілася ў інтэрнэце, не зменшыў жарсцяў на авіяфорумах. «Наша Ніва» звярнулася па тлумачэнні да лётчыка 1 класа, палкоўніка ваеннай авіяцыі ў запасе Юрыя Панамарэнкі. Ён прааналізаваў відэаролікі, зробленыя з розных кропак:

«За 25 гадоў лётнай практыкі такога страшнага выпадку не бачыў», — рэзюмаваў прагляд палкоўнік запасу.

Ён вызначыў некалькі ключавых момантаў на відэа: самалёты ляцелі занадта нізка, улічваючы, што іх маршрут пралягаў над жылым масівам і натоўпам гледачоў, гэта было празмерна рызыкоўна і неабгрунтавана.

Небяспечным, на думку палкоўніка, было і тое, што курс чацвёркі Су-24 перасекся з курсам групы Л-39.

«Гэта была супераварыйная сітуацыя. Маглі загінуць тысячы чалавек» , -- сказаў Панамарэнка.

Па назіраннях Юрыя Панамарэнкі, дзеянні пілота Су-24, які на відэа адкалоўся ад групы, выглядалі няўпэўненымі. Палкоўнік запасу выказаў думку, што з’яўленне на маршруце «сушак» групы Л-39, магчыма, было нечаканасцю для пілотаў бамбавікоў, таму іх звяно і рассыпалася. На пытанне, што адчувае пілот у такія моманты, ён адказаў, што пілот востра адчувае небяспеку, але не ведае, што рабіць, бо любое дзеянне можа толькі ўскладніць справу. «Мне падаецца, што тут яны не сутыкнуліся на авось, цудам не сутыкнуліся», -- адзначыў пілот.

Палкоўнік запасу распавёў пра групавыя палёты. Групы палёт — надзвычай складаны элемент, пры выкананні якога вельмі важна трымаць так званую каробачку.

«Самалёт не прызнае ні чыноў, ні рангаў, ні лампасаў. Гэтаму вучаць у лётных вучэльнях»,— адзначыў Юры Панамарэнка.

Ён прыгадаў апошнія авіякатастрофы ў Расеі, у якіх гінулі пілоты найвышэйшага класа, а таксама трагедыю на авіяшоу ў Львове ў 2002 годзе. Юры Міхайлавіч мяркуе, што ўдзел у парадзе ваеннай авіяцыі з узроўнем падрыхтоўкі, прадэманстраванай 9 мая 2010 года, рана ці позна можа прывесці да трагедыі.

***

Юрыю Панамарэнку 72 гады. Нарадзіўся ў Башкірыі. Скончыў лётную вучэльню ў Чарнігаве, Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына ў Маскоўскай вобласці. Быў начальнікам штабу палка супрацьпаветранай абароны ў Мачулішчах, першым намеснікам камандзіра часткі, старшым інспектарам СПА Аб’яднаных узброеных сілаў Варшаўскай дамовы. Лётчык І класа, палкоўнік запасу. Лётная практыка — 25 каляндарных гадоў. Лятаў на Су-9, МіГ-25.

Су-24 — франтавы бамбавальнік, прызначаны для нанясення ракетна-бомбавых удараў у простых і складаных метэаўмовах, удзень і ўначы, у тым ліку на малых вышынях з прыцэльным паражэннем наземных і надводных цэляў. Першы палёт — 1970 г., паступіў на ўзбраенне — 1975 г.

Су-24 лічыцца дастаткова складанай для пілатавання машынай і мае высокі ўзровень аварыйнасці. Толькі ў часе лётных выпрабаванняў было страчана 14 Су-24 і Су-24М. Пасля прыняцця самалёта на ўзбраенне штогод адбывалася 5-6 аварыяў і катастрофаў. У 1998 г. быў прызнаны найбольш аварыйным лятальным апаратам расейскай ваеннай авіяцыі.

Апошнія навіны