У Маскве адкрылі амбасаду Абхазіі
- 17.05.2010, 15:34
На адкрыцці амбасады прысутнічалі прадстаўнікі Расеі, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Сірыі і Нікарагуа.
Дырэктар дэпартамента краін СНД расейскага МЗС Аляксандр Келін заявіў на цырымоніі, што Расея і Абхазія будуць нарошчваць узаемадзеянне ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і іншых рэгіёнах. Кіраўнік абхазскага МЗС Максім Гвінджыя адзначыў, што разлічвае на адкрыццё ў найбліжэйшай будучыні некалькіх дыпламатычных прадстаўніцтваў Абхазіі ў шэрагу іншых краін, паведамляе Lenta.ru.
Будынак амбасады Абхазіі размешчаны на Гагарынскім завулку ў Хамоўнічаскім раёне Масквы. Фактычна яно функцыянуе яшчэ з 2009 года, аднак ўрачыстае адкрыццё адбылося толькі зараз. Як паведамлялася раней, урад РФ у бліжэйшыя чатыры гады плануе выдаткаваць да 37 мільёнаў даляраў на амбасаду і рэзідэнцыю амбасадара Абхазіі ў Маскве.
Расея была першай краінай, якая прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пасля ўзброенага канфлікту з Грузіяй у жніўні 2008 года. Пасля незалежнасць Абхазіі была прызнаная Нікарагуа, Венесуэлай і рэспублікай Науру. Адзначалася, што Абхазія не будзе адкрываць уласнае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Науру: адносіны з гэтай дзяржавай будуць падтрымлівацца пры дапамозе Расеі.
Максім Гвінджыя раней ужо прагназаваў прызнанне незалежнасці Абхазіі некалькімі лацінаамерыканскіх дзяржавамі, у прыватнасці, Балівіяй, Чылі, Эквадорам і Аргентынай. Акрамя таго, даведалася Еўрарадыё, абхазскія дыпламаты маюць намер у бліжэйшыя гады актыўна ўсталёўваць дыпламатычныя адносіны і з іншымі дзяржавамі. Для гэтага дэлегацыі з Абхазіі будуць наведваць розныя часткі свету.